Ці ёсць замена Станіславу Шушкевічу ў партыі БСДГ


На адну апазіцыйную партыю ў Беларусі стане менш – заявіў сёння журналістам лідар БХД. Вось толькі, заява датычыць зусім іншай партыі. Прынамсі такое меркаванне выказаў сустаршыня аргкамітэту «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталя Рымашэўскага.

«Будзе новы, абсалютна невядомы для апазіцыйнай палітыкі кіраўнік партыі. Ён ужо стаў намеснікам, нягледзячы на тое, што яшчэ з’езду не было».

Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада апошнімі гадамі вядомая толькі для вузкіх экспертаў. Яна не праводзіла публічных зʼездаў з сярэдзіны нулявых гадоў, ігнаравала выбарчыя кампаніі. У партыі няма нават інтэрнэт старонкі, а адзіныя згадкі ў СМІ – гэта эпізадычныя выказванні яе кіраўніка Станіслава Шушкевіча. А таму не дзіўна, што ён і ёсць – асноўны і ці не адзіны рэсурс гэтага палітычнага ўтварэння.

Анатоль Сідарэвіч стаяў ля вытокаў адраджэння сацыял-дэмакратычнага руху яшчэ напрыканцы 80-х. У 70-х – вядомы дысідэнт, які праз свой пратэст супраць савецкай інвазіі ў Чэхаславакію быў змешчаны ў псіхіятрычную лячэбніцу. У 90-х – сацыял-дэмакраты маюць у шэрагах буйных палітыкаў узроўню Станіслава Шушкевіча і Міхася Ткачова, але пасля канчатковага закручвання гаек аўтарытарнай сістэмы ў пачатку нулявых, як і іншыя апазіцыйныя партыі, БСДГ праходзіць балючы працэс маргіналізацыі, а ў выпадку з сацыял-дэмакратамі – яшчэ і драбненне. Цяпер ажно 3 партыі маюць такую назву.

«Я вам скажу так, я многа год варуся ў гэтым катле, – кажа гісторык і публіцыст Анатоль Сідарэвіч. – Адны прыходзяць, другія сыходзяць. Але хрыбетнік застаецца. Нават паліталогія вучыць, што ў любой арганізацыі актыў – гэта 30 адсоткаў».

Асноўны і ці не адзіны кандыдат на замену Станіславу Шушкевічу – Сяргей Чарачэнь. У сярэдзіне лета ў пільным парадку ён быў прызначаны намеснікам партыі.

Старшынём яшчэ не стаў, але здзівіць журналістаў паспеў ужо. Удзень жорсткай крытыкі з боку Рымашэўскага і два дні перад партыйным сходам ён адмаўляецца ад якіх кольвек каментароў. Дыялог па-сутнасці адбываецца праз кіраўніцу справамі БСДГ Святлану Губейку:

«Я ваш кантакт перадала, як толькі ён будзе ў стане, ён з вамі пагаворыць».

Чарачэню ўсяго 33, але ў палітыку прыйшоў з…Камуністычнай партыі Беларусі. На апошніх парламенцкіх выбарах дэпутатам не стаў, але з месячным заробкам у больш за 4 тысячы долараў, адзначыўся як адзін з самых заможных кандыдатаў. Экс-камуніст таксама ўзначальвае малавядомую арганізацыю «Дыпламатыя». Але раней гэта быў дыскусійны клуб пад назвай «Народная дыпламатыя». І гэта ўжо вядомая пракрамлёўская структура з такімі партнёрамі як «Русь молодая» і фондам «Россотруднічество».

Практыка прыходу ў слаба актыўныя палітычныя партыі адыёзных асобаў перад буйнымі выбарчымі кампаніямі ўжо вядомая на прыкладзе Аляксандра Казуліна, які ў 2005-м годзе такім чынам выкарыстаў сацыял-дэмакратаў як плацдарм для дзейнасці на прэзідэнцкіх выбарах. Паслязаўтра пабачым, ці сцэнар паўторыцца. Хоць шанцаў на гэта менш, улічваючы досвед Шушкевіча і крытычны рэзананс ад яго ранейшага рашэння прызначыць Чарачэню сваім намеснікам.

Алесь Залеўскі, «Белсат»