Ці ёсць шанец у айчыннай эканомікі пазбегчы дэвальвацыі?


На сённяшніх гандляваннях беларускі рубель упаў да 2 рублёў 66 капеек за долар ЗША і да 3 рублёў 16 капеек за еўра, у чарговы раз аднавіўшы гістарычны максімум. Гэта – афіцыйны курс Нацыянальнага банку. У абменных жа пунктах валюта яшчэ даражэйшая.

«Я думаю, што інфляцыя будзе вельмі высокай, і пры канцы года гадавая інфляцыя можа скласці адсоткаў каля дзесяці», – мяркуе эканаміст Леанід Злотнікаў.

Такі прагноз удвая перавышае ўсталяваны Нацбанкам сёлетні гадавы арыенцір інфляцыі. Штучна ж стрымліваць беларускі рубель, каб спыніць дэвальвацыю, улады не плануюць. Прынамсі гэтак у аўторак заяўляў сябра праўлення Нацбанку Дзмітрый Мурын. Першыя прыкметы пагаршэння ўзроўню жыцця на ўласных кішэнях ужо заўважылі некаторыя грамадзяне.

«Па коштах гляджу, па харчах – няхіла выходзіць. То бок, ідзеш, нічога не купіў, пакуначак нясеш – ужо рублёў з 40 цягне».

«Дзіця я сабрала раней у школу, таму як бы не ведаю».

«Вось я стрыглася тут нядаўна, так, гэта было дорага. І моцна здаражэла, для мяне – так».

«Не магу сказаць, бо рэдка хаджу ў краму цяпер. Грошай няма, там рабіць няма чаго».

Імклівае падзенне нацыянальнае валюты справакавала ажыятажны попыт на грошы замежныя. Нацыянальны банк паведаміў пра адток дэпазітаў, а банкі – прыпынілі выдаваць крэдыты. У жнівеньскім крызісе эканаміст Леанід Злотнікаў бачыць і больш глыбокую прычыну.

«Апярэджанне росту рэальных заробкаў, калі верыць нашае статыстыцы, тэмпаў росту ВУП. Калі верыць статыстыцы, то аказваецца, што за мінулыя гады і сем месяцаў сёлета заробкі выраслі на 16 адсоткаў. Насельніцтву ў гэта складана паверыць, але статыстыка дае такія паказнікі», – распавёў эканаміст Леанід Злотнікаў.

Паводле Леаніда Злотнікава, дэфіцыт зазнае рэспубліканскі бюджэт, знізіцца магчымасць крэдытных пазык краіны. Гэтак, нават для стабілізацыі сітуацыі ў краіне міжнародныя фонды пазычаць грошы толькі ва ўмовах радыкальных пераменаў: то бок пры пераходзе Беларусі на новую мадэль эканамічнага развіцця.

Юлія Лабанава, «Белсат»