Ці ёсць альтэрнатыва Лукашэнку?

Прэзідэнцкая кампанія – галоўная тэма палітычнага жыцця 2020 года. А яе найважнейшая інтрыга – ці ёсць альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку? Адказ на гэтае пытанне сёння шукаюць прадстаўнікі палітычных сілаў усіх кірункаў.

Яшчэ да пачатку галоўнай электаральнай кампаніі пяцігоддзя пра ўдзел у ёй заявілі больш за дзясятак асобаў. Сярод іншых і сябра партыі БНФ Аляксей Янукевіч, хоць найбольш імавернай кандыдатурай кампаніі праймарыз, якую праводзяць прадстаўнікі пяці апазіцыйных палітычных партыяў, яны называюць Паўла Севярынца.

«Мы не змагаемся з Паўлам Севярынцам – мы будзем тандэмам ісці і таму супярэчнасцяў не будзе», – кажа Аляксей Янукевіч, намеснік старшыні партыі БНФ.

Пра жаданне ўдзельнічаць у галоўнай электаральнай кампаніі заяўляюць перадусім прадстаўнікі апазіцыі, а таксама экс-дэпутатка і былая сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая і цяперашні старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч.

«Задача дэмакратычных сіл зламаць сцэнар фальсіфікацыяў, патрабаваць вольных выбараў. І калі пачнуцца масавыя рэпрэсіі або нерэгістрацыя прэтэндэнтаў, то байкот», – кажа Павел Севярынец.

За 25 гадоў прэзідэнцтва Аляксандра Лукашэнкі на галоўную пасаду краіны прэтэндавалі шмат якія кандыдаты. Аднак ці ёсць альтэрнатыва Аляксандру Лукашэнку – у сённяшніх палітычных умовах пытанне па-ранейшаму застаецца адкрытае, кажуць адмыслоўцы.

«Калі ў нас заяўляюцца адзін, два, пяць дзесяць кандыдатаў, то іх рэгістрацыя залежыць ад Аляксандра Лукашэнкі. Інтрыга ў тым, ці будзе палітык, які сам, з дапамогаю людзей здолее сабраць сто тысяч подпісаў. Толькі сто тысяч подпісаў робіць яго незалежным ад Лукашэнкі, а таму будзе альтэрнатывай Лукашэнку», – кажа кіраўнік экспертнага клубу цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька.

Чарговая прэзідэнцкая кампанія, аднак, мае істотныя адрозненні ад мінулых гадоў: выбарнікі пазбавіліся сіндрому ўкраінскага Майдану, серыял беларуска-расейскага канфлікту і адсутнасць манаполіі на ўладу знізілі на мізер падтрыманне ўлады з боку выбарнікаў, цвердзяць эксперты.

«Адметнасць сёлетняй кампаніі ў тым, што вельмі абвастрыліся выклікі для Беларусі. Ранейшая эканамічная сістэма не працуе, Расея прыкруціла свой кранік, і пытанне, як выжываць краіне ў гэтай сітуацыі. Відавочна, што пераканаўчага адказу на гэтае пытанне ўлада не мае», кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Аналітыкі прагназуюць: цяперашняя прэзідэнцкая кампанія мае ўсе шанцы прайсці паводле больш жорсткага, чым папярэдняя, сілавога сцэнару.

Галіна Абакунчык belsat

Калаж з фота: Yuri Oreshkin / BelTA / TASS / Forum

Глядзі таксама