Ці верне Беларусь свае грошы пасля змены ўлады ў Венесуэле?


Улада Мадура вісіць на валаску, а разам з ім – надзеі Менску на шматмільярдныя прыбыткі. Ці ўтрымаецца кіраўнік Венесуэлы пры ўладзе? Што робяць у лацінаамерыканскай краіне беларускія дзяржаўныя кампаніі і што будуць рабіць далей?

Злучаныя Штаты здзяйсняюць у Венесуэле пераварот – гэтак на заяву венесуэльскага парламенту аб адхіленні Нікаляса Мадура ад улады адрэагаваў Крэмль. Сяргей Лаўроў, міністр замежных справаў Расеі:

«Як вы ведаеце, была не адна спроба адхілення Нікаляса Мадура ад улады, у тым ліку – шляхам ягонай фізічнай ліквідацыі».

Хуана Гуаідо – спікера парламенту Венесуэлы, які ўчора заявіў аб адхіленні Нікаляса Мадура ад пасады прэзідэнта, прызналі часовым кіраўніком краіны амаль усе дзяржавы кантыненту – у тым ліку Калумбія, Бразілія і ЗША. Майкл Пэнс, віцэ-прэзідэнт ЗША:

«Нікаляс Мадура – гэта дыктатар, які не мае легітымнага права на ўладу. Нацыянальная асамблея – гэта дэмакратычна абранае прадстаўніцтва народу і, згодна з канстытуцыйнаю сістэмай, часовы прэзідэнт Хуан Гуаідо рэпрэзентуе інтарэсы народу».

Краіны Еўразвязу заявілі, што Мадура правоў на ўладу не мае:

«Еўразвяз цалкам падтрымлівае Нацыянальную асамблею як дэмакратычна абраны інстытут, паўнамоцтвы і павага якіх павінныя быць адноўленыя», – кажа Мая Кацыянчыч, прэс-сакратар замежнапалітычнай службы ЕЗ.

Нікаляс Мадура абмежаваў гэтыя паўнамоцтвы паўтара года таму. Ён прызначыў Канстытуцыйную асамблею і паставіў яе над парламентам, дзе большасць мае апазіцыя. Мінулагодніх прэзідэнцкіх выбараў свет не прызнаў. Вынікам эканамічнай палітыкі Мадура сталі гіперінфляцыя і дэфіцыт, якія спарадзілі тры мільёны ўцекачоў і бясконцыя пратэсты.

«Зараз усе будуць глядзець на паводзіны сілавых структураў, калі яны пяройдуць на бок апазіцыі – пытанне развязанае. Калі не – ёсць варыянты. Мадура можа паспрабаваць сілаю прымусіць апазіцыю сысці з вуліцаў, як гэта ў яго атрымалася ў 2017 годзе, але гэта будзе практычна немагчыма», – каментуе Яўген Красулін, эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях.

«Венесуэльскі народ можа самастойна справіцца з цяжкасцямі без умяшання звонку», – пракаментавала сітуацыю беларускае МЗС. З часоў Уга Чавэса беларусы будуюць у Венесуэле жытло, здабываюць нафту ды працуюць на трох заводах па зборцы трактароў, грузавікоў ды пагрузчыкаў. Праўда, крызіс, які шалее ў Венесуэле ўжо пяты год, знізіў узаемны гандаль амаль да нуля. Пасля змены ўлады грошы будзе вярнуць цяжка. Яўген Красулін:

«Там будзе і лацінаамерыканскі бізнес, і паўночнаамерыканскі, і заходнееўрапейскі, і кітайскі паспрабуе застацца. Так што працаваць давядзецца ў менш цяплічных умовах, чым працавалі да гэтага».

Значна больш за Беларусь можа страціць Расея – 20 мільярдаў долараў крэдытаў ды інвестыцыяў ад «Роснефти». Яшчэ 50 мільярдаў уклаў у венесуэльскую эканоміку Кітай. Інвеставаць у дыктатарскія краіны рызыкоўна, але іншыя дыктатарскія краіны такія інвестыцыі любяць. Яраслаў Раманчук, даследчы цэнтр «Мізэса»:

«Калі гаворка ідзе пра аўтарытарныя дзяржавы, то там ёсць такая тэма, як узбраенні. Ёсць схемы, якія шэрыя або паўкрымінальныя, без аплаты падаткаў. Таму гэтым займаюцца людзі, якія маюць нюх да гэтай рызыкі».

Звесткі аб зрынанні Мадура паднялі цэны акцыяў венесуэльскага нафтавага канцэрну на траціну. Той рэдкі выпадак, калі пераварот дае інвестарам надзею на эканамічны рост. Ну а беларускія дзяржфірмы спрабуюць шукаць шчасця ў такіх краінах, як Іран, Судан ды Зімбабвэ.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: REUTERS / Carlos Garcia Rawlins / FORUM