Ці сапраўды Беларусь неспрыяльная для сельскай гаспадаркі?


Больш за палову раёнаў Беларусі прызнаныя неспрыяльнымі для сельскай гаспадаркі да 2025 года. Адпаведны пералік апублікаваў Савет Міністраў. Прадпрыемствам аграпрамысловага комплексу рашэннем ураду будуць падвышаныя надбаўкі – адразу на 10 %.

Усяго ў Беларусі – 118 раёнаў, і 66 з іх урад прызнаў неспрыяльнымі для стварэння аграрнай прадукцыі. Найбольш – у Віцебскай і Гомельскай вобласцях, 18 і 20 раёнаў, адпаведна. Паводле чыноўнікаў, у такіх раёнах немагчыма арганізаваць высокарэнтабельную вытворчасць і жыць з таго, што дае зямля. Пінскі раён таксама прызналі неспрыяльным.

Вось што думаюць пра гэта жыхары Малоткавічаў Пінскага раёну:

«Не згодны, у нашым раёне ўсё выдатна з сельскай гаспадаркай!»

«Нармальныя ў нас землі, і людзі працавітыя».

«Землі добрыя. Але залежыць ад кіраўніцтва, хто займаецца зямлёй».

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Яшчэ 5 гадоў таму такіх неспрыяльных раёнаў было на 4 менш. Урадавы рэйтынг раёнаў залежыць ад прыродна-кліматычных фактараў, якасці глебы, забруджанасці радыяцыяй ды колькасці здольнага працаваць насельніцтва. Але і ў гэтых раёнах, прызнаных нерэнтабельнымі, ёсць эфектыўныя аграгаспадаркі, нагадвае эканаміст Аляксандр Ярашук:

«Садавіна-гародніна, ягады – якраз з беларускага Палесся з’яўляюцца. І ўзнікае пытанне: хто вырабляе садавіну, гародніну, ягады, клубніцы? Сяляне. У прыватным сектары».

Чаму тады Піншчына, Лунінец і нават Столінскі раён, знакаміты агуркамі, прызнаны нерэнтабельным?

«Умовы неспрыяльныя не прыродна-кліматычныя, а палітычныя і эканамічныя. Бо яны вынікаюць з палітычнай сістэмы, якая створаная ў краіне, якая не хоча прызнаваць за паўнавартасную прыватную ўласнасць», – мяркуе Ярашук.

Кіраўніцтва краіны дае права на самастойнае развіццё толькі зусім занядбаным калгасам, не здольным пражыць нават з бюджэтнымі датацыямі ды ільготнымі крэдытамі. Вось што загадаў Лукашэнка на адмысловым паседжанні, прысвечаным развіццю сельскай гаспадаркі Віцебшчыны:

«Трэба ўвесці прыватызацыю гэтых гаспадарак. Не хочуць працаваць у такой форме, трэба адкрыць прыватызацыю. Спіс складзіце і на сайце вывесіце. Можа, прыйдзе нейкі інвестар і дасць нейкую капейку».

Іншыя калгасы Лукашэнка загадаў захаваць. А Нацбанку – прымусіць усе банкі надаваць шэфскую дапамогу калгасам, а то, цытата, «жырует жульё».

«Нацбанк меў 10 калгасаў падшэфных у часы Пятра Пракаповіча», – нагадвае Аляксандр Ярашук.

Як паведаміў сённяшні старшыня Нацбанку Павел Калаур, пасля паседжання ў кіраўніка дзяржавы ў Віцебскай вобласці будуць ствараць аграхолдынг на базе Пастаўскага малочнага заводу. Апроч сельскагаспадарчых прадпрыемстваў у праекце будуць удзельнічаць 5–6 банкаў, дзяржаўныя страхавыя кампаніі ды мясцовыя ўлады. Так што тут дзяржава будзе кіраваць аграрыямі яшчэ мацней.

Яраслаў Сцешык belsat.eu