Ці разблакуюць Трампа ў сацсетках?


70 тысяч акаўнтаў заблакаваў «Twitter » цягам апошніх дзён. Як заяўляюць у кампаніі, вядзецца пра старонкі прыхільнікаў руху QAnon – яны ж прыхільнікі Доналда Трампа. Свае дзеянні «Twitter» тлумачыць небяспекай новых масавых беспарадкаў у Вашынгтоне напярэдадні інаўгурацыі Байдэна. Тым часам дыскусія вакол блакавання акаўнта Трампа набірае абароты.

Сапраўдны лічбавы апакаліпсіс учынілі сацыяльныя сеткі прэзідэнту Злучаных Штатаў. Ягоныя акаўнты заблакавалі «Twitter», «Facebook», «Instagram» ды іншыя гаспадары віртуальнага свету. Доналд Трамп актыўна выкарыстоўваў сацыяльныя сеткі для кантактаў з прыхільнікамі ды абвінавачання супернікаў у крадзяжы галасоў ды іншых смяротных грахах.

Пастанова пра блакаванне спарадзіла бурную дыскусію ў сацыяльных сетках: адныя абураюцца, іншыя кажуць: «А дзе вы былі раней?».

«Гэтым прэцэдэнтам будуць актыўна карыстацца ворагі свабоды ўва ўсім свеце. І ў Расеі таксама. Кожны раз, калі трэба нешта заблакаваць, яны будуць казаць: гэта сусветная практыка, заблакавалі ж Трампа ў Twitter», піша расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны.

Кіраўнік Чачэнскай рэспублікі Рамзан Кадыраў, якога сацыяльныя сеткі заблакавалі праз амерыканскія санкцыі, бачыць у апошніх падзеях найвышэйшую справядлівасць:

«Цяпер мы з Трампам у чымсьці падобныя: калі раней ён заблакаваў мяне ў сацсетках, то цяпер Усявышні аднавіў справядлівасць, і ў выніку акаўнты мяцежнага Доналда Трампа таксама заблакаваныя. Вось ставіўся б ён з павагаю да дэмакратыі ды правоў чалавека, нічога такога, напэўна, не адбылося б…»

Для некаторых палітыкаў відавочныя палітычныя складнікі падзеі. Яны кажуць пра хітрыкі ворагаў правых, кансерватыўных, ідэяў.

«Twitter можа заблакаваць мяне за гэта, але я пакорліва прымаю гэтую долю: вашае рашэнне назаўжды заблакаваць прэзідэнта Трампа – сур’ёзная памылка. Аятала можа пісаць тўіты, а Трамп – не. Гэта шмат кажа пра людзей, якія кіруюць Twitter», – адзначае чалец Сенату ЗША, рэспубліканец Ліндзі Грэям.

Чаму ж блакаванне выкарысталі толькі цяпер, пасля пагрому на Капіталійскім пагорку? Амерыканскі журналіст, карэспандэнт выдання «Vanity Fair» і аўтар кніг пра развіццё сацыяльных сетак Нік Білтан адказвае так:

«Сённяшні свет – просты вынік пастановаў некалькіх людзей у Крамянёвай даліне, якія аддаюць перавагу прыбытку сваіх кампаніяў перад уратаваннем грамадства».

З крытыкаю блакавання Трампа выступіў шэраг еўрапейскіх лідараў. Ангела Мэркель назвала гэтую пастанову праблематычнай, а афіцыйны прадстаўнік ураду Нямеччыны падкрэсліў, што такія рашэнні маюць прымацца на падставе закону, а не тэлефанавання. Міністра эканомікі Францыі Бруно Ле Мэра рашэнне кампаніі «Twitter» шакавала, а ў еўракамісара ў справах унутранага рынку Тʼеры Брэтона выклікала неўразуменне.

Але сацыяльныя сеткі здавацца не збіраюцца. Пра адмену блакавання гаворкі няма, кажуць, напрыклад, у «Фэйсбуку».

«У гэты момант рызыка для нашай дэмакратыі была завялікая, мы адчулі, што мусім зрабіць беспрэцэдэнтны крок – бестэрміновую забарону. І я радая, што мы гэта зрабілі», – адзначае Шэрыл Сэндбэрг з кампаніі «Facebook».

У «Facebook» абяцаюць: калі прыйдзе час змяніць рашэнне, грамадскасці паведамяць. Але адбудзецца гэта дакладна не за часоў прэзідэнцтва Трампа.

Ян Маравіцкі, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў