Ці Пуцін, Трамп, Мэй, Мэркель і Макрон захочуць вырашаць пытанне Украіны ў Менску?


Беларусь гатовая стаць міратворчай пляцоўкай, а ці гатовыя прыехаць у Менск кіраўнікі краінаў, запрошаныя Уладзімірам Зяленскім? Пакуль толькі Вялікая Брытанія ў адказ на прапанову згадзілася на пляцоўцы Менску паспрыяць украінска-расейскаму дыялогу. Чаму маўчаць лідары іншых краін?

Першаю і пакуль адзінаю еўрапейскаю краінаю, якая пракаментавала прапанову Уладзіміра Зяленскага, сталася Вялікая Брытанія. МЗС Вялікай Брытаніі:

«Мы вітаем гатовасць прэзідэнта дасягаць прагрэсу ва ўрэгуляванні канфлікту на ўсходзе Украіны. Мы працягваем падтрымліваць менскі мірны працэс ды працу Нямеччыны і Францыі ў фармаце «нармандскай чацвёркі».

Прапанову абмеркаваць спрэчныя пытанні з Уладзімірам Пуціным ды іншымі лідарамі прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі агучыў напярэдадні ў відэазвароце:

«Трэба паразмаўляць? Трэба. Давайце абмяркуем, чый Крым і каго там няма на Данбасе. Кампанію для размовы прапаную наступную: я, вы, прэзідэнт Злучаных Штатаў Доналд Трамп, прэм’ер Вялікай Брытаніі Тэрыса Мэй, канцлер ФРГ Ангела Мэркель, прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон».

Месцам жа для сустрэчы ўкраінскі прэзідэнт прапанаваў абраць міратворчую пляцоўку – Менск, дзе ў 2015-м пры падтрыманні лідараў Францыі ды Нямеччыны падпісалі дамоўленасці аб прыпыненні ваенных дзеянняў на Данбасе. Тут жа працуе трохбаковая кантактная група. Ініцыятыву новых перамоваў у нашае сталіцы падтрымала беларускае МЗС і асабіста кіраўнік Беларусі:

«Вайна – ля нашага парога, і ў Менску заўжды лічылі за гонар быць пляцоўкаю для мірных ініцыятываў і перамоваў… Нельга глядзець адзін на аднаго праз прыцэл гарматаў, трэба сядаць і вырашаць праблемы, якіх назбіралася нямала», – абвесціў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле палітолага Ігара Тышкевіча (Украінскі інстытут будучыні), Менск сёння можа задаволіць не ўсіх палітычных лідараў:

«Менск – гэта прыдатнае месца як для Пуціна, гэтак і для еўрапейскіх лідараў. Застаецца пытанне, наколькі гэта месца дапушчальнае для лідараў Вялікай Брытаніі і Злучаных Штатаў Амерыкі».

Калі перамовы ўсё ж адбудуцца ў Менску, гэта згуляе на карысць уладаў Беларусі, лічыць палітолаг:

«Сам факт прыезду першых асобаў, дастаткова моцных палітыкаў-важкавікоў у Менск, дэ-факта руйнуе тэзу пра міжнародную ізаляцыю Беларусі. І для Лукашэнкі важна асабліва перад выбарамі 2020 года, каб у Беларусь прыязджалі фактычна топ-палітыкі і прадстаўнікі глабальных гульцоў».

Прапанова Зяленскага запрасіць на перамовы новых гульцоў ды прыхільнікаў розных інтарэсаў, ЗША і Вялікую Брытанію, змяняе ўсталяваны дагэтуль нармандскі фармат перамоваў. Незадаволенасць запрашэннем Злучаных Штатаў выказаў прэсавы сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў. А таму з адказам Зяленскаму афіцыйная Масква не спяшаецца, хаця і абяцае разгледзець прапанову.

Юлія Лабанава, belsat.eu