Ці працуюць беларускія святары з ЛГБТ-вернікамі?


Душпастырствы для прадстаўнікоў ЛГБТ ужо існуюць у шэрагу каталіцкіх краінаў. Напрыканцы кастрычніка пра магчымасць стварэння такога душпастырства ў нашай краіне заявіў і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Валянцін Цішко, клерык грэцкай аўтакефальнай праваслаўнай царквы:

«Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч спазніўся на пэўны час, бо Папа Рымскі і Ватыкан даўно ўжо сказалі стварыць гэтыя групы».

Летась ахвяра сексуальнага гвалту з боку святара распавяла аб прыватнай размове, у якой папа рымскі Францішак прызнаў, што гомасексуальныя асобы былі створаныя такімі Госпадам. Раней пантыфік заклікаў хрысціянаў з разуменнем ставіцца да сексуальных меншасцяў. Беларускія святары ўжо працуюць з ЛГБТ-вернікамі, але індывідуальна.

Юрый Санько, прэс-сакратар канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі:

«Ёсць асобныя выпадкі, калі чалавек, які перажывае такія праблемы, прыходзіць да святара, раіцца. І там ужо святар сам выбірае форму супрацы, форму дапамогі і падтрымкі».

Валянцін Цішко – адкрыты гей, і адначасова глыбока верыць у Бога. Ён лічыць, што гомасексуальнасць не ёсць грахом, і быць вернікам яна не перашкаджае:

«Я вучыўся ў семінарыі. Адчуванне, хто я ёсць прыйшло, можна сказаць, там у семінарыі ці за пэўны час да семінарыі. Таму гэта быў складаны выхад, бо ўва мне змагалася двое: я натуральны і я той хрысціянскі – мараль, якую нам выкладалі».

Духоўны сан ён атрымаў дзякуючы епіскапу Грэцкай праваслаўнай царквы ва Украіне. Валянцін – адзіны клерык Грэцкай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Амерыкі і Канады. Некананічная, то бок не прызнаная ні адным з буйных праваслаўных патрыярхатаў царква, мае ў нашай краіне ўсяго каля 15 вернікаў.

«Мы не маем ані ўласнага будынку, ані памяшкання, таму гэтыя службы ці, не дай Божа, пахаванні, праводзяцца дзесьці канкрэтна. Калі пахрысціць некага трэба, то гэта ўдома ў хросных бацькоў альбо бацькоў. Калі пахаванне, то гэта на могілках, то бок староннія парафіяне да нас не прыходзяць», – распавядае Валянцін Цішко.

Прадстаўнікі галоўных рэлігійных канфесіяў у нашай краіне падкрэсліваюць, што нетрадыцыйная арыентацыя – грэх. Аляксандр Шрамко, заштатны святар праваслаўнай царквы:

«Вядзецца такая дыскусія ў царкве. Я кажу, што афіцыйна і традыцыйна лічыцца ў царкве, што гэта грэх».

Юрый Санько, прэс-сакратар канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі:

«Святое Пісанне нам яскрава паказвае, што гэта грэх. Не толькі Стары Запавет, не толькі Садом і Гамора. Святы Павел ясна кажа, што такі чалавек будзе знішчаны. Мы не адкідваем чалавека. Чалавек патрабуе падтрымкі, і мы гатовыя падтрымаць, аказаць падтрымку, кансультацыі, але мы не гатовыя апраўдаць грэх».

Выраз ЛГБТ-вернік сустрэне разуменне не ў кожнага сталічнага мінака:

«Што веравызнанне, што сексуальная арыентацыя – гэта выбар чалавека».

«Ну гэта ніяк не сумяшчальна: гей і вернік».

«Усім воля Боская. Калі ім хочацца, то няхай вераць, Госпадзі».

«Калі яны ў гэтым граху памруць, не пакаяўшыся, то я не суддзя, не Бог, але Біблія кажа пра вечнае згіненне».

«Душа бясполая. Я лічу, што не мае значэння», – кажуць жыхары Менску.

Валянцін ведае некалькі праваслаўных храмаў, куды можа спакойна прыйсці ды памаліцца, але не падчас службы. Збольшага ж настаяцелі ў сваіх цэрквах яго бачыць не хочуць. З намі ў праваслаўны храм ён прыйшоў упершыню за апошнія два гады.

Валянцін Цішко, клерык грэцкай аўтакефальнай праваслаўнай царквы:

«Быў выпадак: мяне настаяцель храма папрасіў пакінуць будынак. Гэта страшна, таму што нейкія людзі ў чорных сукенках праганяюць цябе ад Госпада. Але нічога страшнага. Госпад ёсць паўсюль».

У свеце асобныя цэрквы ўсё больш прымаюць ЛГБТ-суполкі на розных узроўнях, напрыклад, Каталіцкая царква Нямеччыны працаўладкоўвае прадстаўнікоў ЛГБТ. Шэраг некананічных цэркваў рэгіструе аднаполыя шлюбы. Беларускія ж рэлігійныя канфесіі працягваюць змагацца выключна за традыцыйныя сямейныя каштоўнасці.

Дзіяна Раткевіч belsat.eu