Ці пойдзе Лукашэнка на маштабную лібералізацыю?


Лукашэнка ня хоча паўзахадаў у эканоміцы – заданне стаіць на маштабную лібералізацыю дзелавога клімату. Гэтак на сённяшнім інвестыцыйным форуме ў Менску заявіў віцэ-прэм’ер Беларусі Васіль Мацюшэўскі – адносна пакету законаў, які паступіў на разгляд Лукашэнкі ў аўторак. Паводле ўрадоўца, анансаваныя змены будуць прынятыя найбліжэйшым часам.

Рэвалюцыйны пакет з дзесяці дакументаў, які цалкам зменіць бізнес-асяроддзе ў Беларусі. Паводле віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага, названыя заканадаўчыя акты будуць прынятыя найбліжэйшым часам.

Найбольш значныя з абяцаных зменаў – гэта зніжэнне штрафаў, скарачэнне колькасці нормаў рэгулявання і правяранняў. Гэта мусіць пакінуць бізнесу больш грошай на развіццё, а значыць – на стварэнне працоўных месцаў.

«Цэлы шэраг указаў, асабліва для малых гарадоў – да дзвюх тысяч чалавек – там рэзка спросцяцца ўмовы вядзення», – адзначае старшыня Рэспубліканскага саюзу прадпрымальніцтва Уладзімір Карагін.

Штопраўда, бізнес-асацыяцыі адзначаюць: што канкрэтна змешчана ва ўказах – пакуль невядома, бо допуск дзелавой супольнасці да абмеркавання ўказаў быў вельмі абмежаваны.

«З боку ўрадоўцаў ініцыятывы было ня вельмі шмат. Таму яны запрашалі толькі знаёмыя ім прадпрымальніцкія аб’яднанні», – кажа старшыня Асацыяцыі малога бізнэсу Сяргей Балыкін.

Але, распавядаюць бізнес-саюзы, ужо з анонсаў бачна, што паляпшэнні адбываюцца ў тых галінах, дзе сітуацыя і так, у прынцыпе, нядрэнная, або прынамсі лепшая, чымся раней. Між тым, асноўныя перашкоды для бізнесу – застаюцца.

«Цэлы шэраг, на мой погляд, непрадуманых захадаў, звязаныя з рэпрэсіўнымі нормамі нашага заканадаўства», – кажа Уладзімір Карагін.

Найвялікшыя нараканні прадпрымальнікаў выклікаюць законы, якія сувора караюць за працу з ілжэпрадпрымальніцкімі структурамі тых, хто прадаў хаця б адзін аловак гэтак званым фірмам-памыйкам, нават калі ў момант угоды тыя фірмы яшчэ лічыліся сумленнымі.

Станіслаў Івашкевіч