Ці згодзяцца ўладальнікі «Паедзем, паядзім» на дыялог


Рэстарацыя павінна спыніць сваю працу, а грамадскасць не заплаціць за гэтую пабудову аніводнай капейкі. Абаронцы Курапатаў выступілі з узгодненай пазіцыяй у справе рэстарацыі «Паедзем, паядзім».

На іх выклікалі міліцыю, іх прыніжалі, абражалі і нават спрабавалі купіць. Цяпер з імі нібыта хочуць дамовіцца. Уладальнік скандальнага рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Паедзем, паядзім» Леанід Зайдэс заявіў, што гатовы на перамовы з абаронцамі Курапатаў.

«Яны няздольныя праводзіць ніякія перамовы. Бо тая настойлівасць, з якой яны ў гэтае месца лезлі, груба парушаючы беларускае заканадаўства, паказвае, што гэтыя людзі вельмі зацікаўленыя. Іхныя інтарэсы – не эканамічныя інтарэсы. Гэта чыста палітычныя інтарэсы», – мяркуе абаронца Курапатаў Вячаслаў Сіўчык.

Заяву аб гатовасці да перамоваў абаронцы Курапатаў называюць нічым іншым як хітрасцю, скіраванай на адцягванне ўвагі грамадскасці. Больш таго, грамадскія дзеячы ўпэўненыя, іх спецыяльна хацелі адцягнуць ад месца падзеяў на 29 чэрвеня, калі Курапаты маюць наведаць замежныя дэлегацыі.

«Гэта проста такі крок, каб збіць хвалю. І ўвогуле, калі б яны былі гатовыя ісці на нейкія саступкі, мне падаецца, гэтая рэстарацыя ўжо павінная была быць зачынена», – кажа Алег Корбан.

Сваю пазіцыю абаронцы Курапатаў акрэсліваюць адназначна. Па-першае, рэстарацыя павінная перастаць працаваць. Па-другое, мае распачацца незалежнае следства наконт акалічнасцяў будаўніцтва комплексу. І ўрэшце, па-трэцяе, грамадства не будзе за свае грошы выкупаць аб’екты, якія былі збудаваныя ў супярэчнасці з заканадаўствам.

«Мы будзем адстойваць сваю пазіцыю. Наша галоўнае патрабаванне – зачыніць гэтае прадпрыемства. Зачыніць кабак на костках», – заяўляе Вольга Нікалайчык.

Абаронцы Курапатаў са свайго боку запрапанавалі ўладальнікам комплексу сустрэцца на пляцоўцы парталу Tut.by 27 чэрвеня а 10-ай гадзіне. Аднак Леанід Зайдэс ад каментароў адмовіўся, а яшчэ тры дні таму камерсант зняважліва адгукаўся пра актывістаў:

«Я магу зразумець іх фінансаванне. Ім нельга прайграць Курапаты. Некалі яны, напрыклад счапіліся за назву. Сумесна з брэндам »Бульбаш« мы хацелі назваць рэстарацыю «Бульбаш-Хол».

Адкрывальнік Курапатаў Зянон Пазняк мяркуе, што за рэстарацыяй стаіць зусім не бізнэс-інтарэсы, але мэтанакіраваная правакацыя спецслужбаў – спадкаемцаў НКВД.

«Пры такім рэжыме ёсць сотні метадаў прымусіць бізнесмена займацца подлай палітыкай. Не будзе займацца – сядзе ў турму, альбо ўсё забяруць», – мяркуе Зянон Пазняк.

Між тым, наступ ідзе не толькі ў Курапатах. Нядаўна грамадскі актывіст Яўген Батура заўважыў шакуючы факт – крыжы, пастаўленыя на месцы камуністычных і нацысцкіх растрэлаў у Трасцянцы на прыватныя грошы, былі знішчаныя ў межах узвядзення мемарыялу. Сярод іх знік і мастацка аформлены крыж аўтарства Алеся Цыркунова, пастаўлены на месцы гібелі пробашча Менскай катэдры ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.

«Крыж айцу Гадлеўскаму. Здавалася б, што магло замінаць? Ён быў расстраляны, ён быў у антыфашысцкім падполлі, ён быў забраны ў ноч на Раство 1942 года. Літаральна тут, вось недзе якіх дзесяць метраў ён быў расстраляны», – адзначае Яўген Батура.

Актывіст дадае, што ў свой час міліцыя замінала ўсталёўваць крыжы ў Трасцянцы, а ўлады не мелі ніякага інтарэсу да ўвекавечвання памяці закатаваных. Цяпер жа тут адкрываюць мемарыял – прафінансаваны немцамі, агульны кошт узвядзення якога, паводле афіцыйных дадзеных, склаў 10 мільёнаў еўраў.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu