Ці перасядуць беларусы на бюджэтны «Geely»


Спачатку быў «Atlas», пазней да яго дадаўся меншы пазадарожнік «NL-4», а цяпер будзе яшчэ і седан. Беларуска-кітайскае сумеснае прадпрыемства «Белджы» пачне пастаўкі доўгачаканых «народных» легкавікоў «Emgrand 7» у салоны ўжо ў жніўні. Ігар Кулей высвятляў, ці атрымаецца зрабіць «Geely» сапраўды бюджэтным, і як сябе пачуваюць на рынку іншыя праекты «Белджы».

Вы памятаеце тыя часы, калі пра валоданне аўтамабілем можна было толькі памарыць, а новы можна было хіба толькі выйграць? З таго моманту мінула дваццаць год, і вось ужо ў роднай краіне, беларуска-кітайскі завод «Белджы», пасля вядомага пазадарожніка «Atlas», узяўся за выпуск бюджэтных седанаў «Emgrand 7». Цэннік абяцаюць на ўзроўні да 23 000 рублёў.

«Па філасофіі кампаніі мы не збіраемся ўдзельнічаць у цанавых канкурэнцыях. Мы павінныя даць нашаму карыстальніку каштоўнасць валодання нашым аўтамабілем», – заявіў першы намеснік міністра прамысловасці Генадзій Свідзерскі.

І вось тут стала не зусім зразумела. Спачатку сам Свідзерскі, ды і шэраг іншых чыноўнікаў кажуць, што аўтамабіль бюджэтны i народны. Aле пазней дадаюць, што ў коштавай канкурэнцыі машына ўдзельнічаць не будзе. Філасофія прыгожая, але для беларусаў менавіта кошт з’яўляецца вырашальным момантам пры выбары аўто. Зірнем на статыстыку:

Найбольш новых седанаў летась прадалі.

ТОП-5 седанаў на продажу ў Беларусі:

Renault Logan 2298 шт – ад Br 17 200

Skoda Rapid 1365 шт – ад Br 23 900

Hundai Accent 621 шт – ад Br 24 900

Lada Vesta 601 шт – ад Br 19 600

Nissan Almera 545 шт – ад Br 18 900

У топ-5 няма ніводнага прэміяльнага седана, а ўсе гэтыя маркі, пры аналагічных коштах, нашмат лепш вядомыя беларусам, чым «Geely».

На пытанне, ці набыў бы сабе «Geely», жыхар Магілёва кажа, што наўрад ці – бо «нерацыянальна па якасці».

Іншая жыхарка гораду заўважае:

«Я пакуль па якасці не ведаю, водгукаў не чула».

З якасцю ў беларуска-кітайскага «Atlas», прынамсі пакуль ён новы, усё добра. Мы правяралі асабіста. Але каб пераканаць у гэтым спажыўцоў, патрэбны не адзін год, а можа і дзесяцігоддзе, і, канешне ж, ніжэйшы за вядомыя брэнды цэннік. А таму ў ход ідуць іншыя захады.

«Дзяржава перш за ўсё зацікаўленая ў продажах, і знайшлі адпаведны рычаг – ільготныя крэдыты. Пачаткова было вельмі шмат скептыкаў, але я гляджу ёсць шмат магчымасцяў у дзяржавы, каб прадавіць нейкія рашэнні», – адзначае галоўны рэдактар газеты «Аўтадайджэст» Анатоль Шаўчэнка.

Прадавілі, сёлета ў першым квартале было рэалізавана 170 «Атласаў». Тым часам завод «Белджы» ўжо выйшаў на ўзровень вытворчасці 50 аўтамабіляў у дзень, і бліжэйшым часам давядзе гэтую лічбу да 70-ці, а ў перспектыве і да 120 тысячаў у год. Хто купіць увесь гэты абʼём – няясна. У Менску спадзяюцца на суседні расейскі рынак. Але сёлета за першыя 6 месяцаў продажаў ніводны аўтамабіль «Geely» не патрапіў нават у дзясятку самых папулярных кітайскіх аўтамабіляў у Расеі. У траўні нашыя суседзі набылі толькі 183 беларуска-кітайскіх пазадарожнікі.

«Калі кажуць пра продажы ў перспектыве дзясяткамі тысячаў аўтамабіляў, то мне гэта нагадвае анекдот: «Летась мы пасадзілі 10 гектараў каноплі, усю паела тля. У наступным мы пасадзім 100 гектараў, няхай яна падавіцца». Перад тым, як пачаць выпускаць, трэба было думаць, куды прадаць, а не наадварот», – дадае Анатоль Шаўчэнка.

Хочацца шчыра верыць у поспех беларуска-кітайскага прадпрыемства, пад адкрыццё якога айчыны ўрад узяў амаль $ 160 млн крэдыту. Бо ў выпадку няўдачы, кожны з беларусаў заплоціць за гэта са сваёй кішэні.

Ігар Кулей, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Tyrone Siu/ Forum