Ці пагражае жыццю беларусаў смяротны вірус з Кітаю?

Перажылі атыповую пнеўманію і свіны грып, а з’явіўся новы кітайскі смяротны каронавірус, які перадаецца ад чалавека чалавеку. Сусветная арганізацыя здароўя на экстраным паседжанні вызначае, ці абвяшчаць пра рызыку глабальнай эпідэміі. Краіны свету ўзмацняюць памежны кантроль.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Павышаная тэмпература, кашаль, цяжка дыхаць – сімптомы каронавірусу, падобныя да грыпавых. Дагэтуль невядомы чалавецтву каронавірус 2019-nCoV выклікае пнеўманію ды ўскладненні, ад якіх памерлі прынамсі 17 чалавек. Паводле кітайскіх уладаў, хваробаю заразіліся больш за 400 чалавек, аднак замежныя навукоўцы лічаць гэтыя звесткі заніжанымі. Галоўная небяспека вірусу: ён перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад чалавека да чалавека, а таксама адаптуецца і мутуе.

«Сапраўды перадаецца ад чалавека да чалавека. І вірус распаўсюдзіўся. Як мы цяпер разумеем, крыніцаю хваробы стала дзікая жывёла, якой гандлявалі на Ўу-Ханьскім рынку морапрадуктаў», – сказаў на адмысловай прэс-канферэнцыі Гаў Фу, дырэктар Цэнтру прафілактыкі захворванняў.

Выпадкі заражэння зафіксавалі ўжо ў Паўднёвай Карэі, Японіі, Тайландзе і ЗША. Доналд Трамп заявіў, што ў Штатах усё пад кантролем, прымаюцца захады бяспекі:

«У нас ёсць план, мы мяркуем, што ён будзе належна выконвацца. Ён ужо добра рэалізоўваецца».

Каронавірус падазраюць у хворых у Сінгапуры, Гон-Конгу і Аўстраліі.

«Мы не ведаем, што адбываецца насамрэч, бо паведамленні кітайскіх дзяржаўных медыяў цалкам супярэчаць таму, што перадаюць у сацыяльных сетках і з вуснаў у вусны. Мы не ведаем, каму верыць. Але, падобна, вірус распаўсюджваецца вельмі хутка, людзі з асцярогаю ставяцца да пералётаў з Ўу-Ханю», – падзяліўся хваляваннямі падарожнік з Кітаю ў Аўстралію.

Забароны на рэйсы з Кітаю ў іншыя краіны свету няма, але шмат на якіх лётнішчах уважліва правяраюць пасажыраў з Паднябеснай.

«Праводзіцца апытанне пасажыраў, што прыбываюць з Кітайскай Народнай Рэспублікі, а таксама выкарыстоўваюцца сістэмы бескантактавай тэрмаметрыі. Гэта цеплавізары», – кажа Рыскул Мірманава, прадстаўніца каранціннага кантролю аэрапорту ў Алматы.

У Кітаі ж увялі татальны эпідэміялагічны кантроль. У аэрапортах і на вакзалах працуюць дактары, а сканеры выяўляюць людзей з павышанаю тэмпературай. Але распаўсюду вірусу можа паскорыцца: у пятніцу ў Кітаі пачынаецца святкаванне Новага года, у гэты час мільёны кітайцаў перасоўваюцца па краіне і выязджаюць за яе межы. У тым ліку і да нас.

У дзяржаўным памежным камітэце паведамілі, што Беларусь вядзе сталы санітарна-каранцінны кантроль на мяжы. Ці дастаткова гэтых захадаў, ці ёсць пагроза для здароўя беларусаў? Цягам дня мы спрабавалі высветліць у Міністэрстве аховы здароўя. Але марна. Слухаўкі ніхто так і не ўзяў. Спадзяемся, што чыноўнікі былі занятыя тым, што распрацоўвалі захады бяспекі супраць небяспечнага вірусу. Мы ж будзем надалей сачыць за сітуацыяй.

Вольга Старасціна belsat.eu

Новы вірус у Кітаі: 200 захварэлых і 3 памерлых

Глядзі таксама