Ці падабаецца Крамлю роля Лукашэнкі-міратворца?


Крызіс міжнародных дачыненняў, сусветныя пагрозы, а таксама новая роля Беларусі і ўсяго АДКБ у працэсах урэгулявання спрэчных пытанняў – гэтым праблемам Аляксандр Лукашэнка надаў асаблівую ўвагу падчас сустрэчы з міністрамі замежных справаў краінаў – чальцоў Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бяспецы.

«У сучасных умовах крызісу міжнародных дачыненняў вельмі павялічваецца роля дыпламатыі. Менавіта дыпламаты мусяць прадэманстраваць свае ўменні не даць ні малейшай магчымасці прыбягаць да сілавога рашэння спрэчных пытанняў», – зазначыў Аляксандр Лукашэнка.

«Хельсінкі-2» у Беларусі. Ці рэальна?

Такім чынам, на думку назіральнікаў, Лукашэнка працягнуў тэму, якая апошнім часам часта гучыць падчас афіцыйных выступаў кіраўніка краіны, – неабходнасць актывізаваць удзел Беларусі ў сусветных міратворчых працэсах.

Падчас нядаўняй сесіі Парламенцкай Асамблеі АБСЕ ў Менску прагучала прапанова запусціць новы хельсінкскі працэс з пляцоўкаю ў нашай краіне. Паводле Лукашэнкі, «Хельсінкі-2» маглі б стаць пляцоўкаю для шырокага дыялогу паміж краінамі Еўраатлантыкі і Еўразіі.

«Лукашэнка падымае значнасць, Лукашэнка хоча, каб яго заўважылі, каб у абмен на гэта можна было весці нейкія дыпламатычныя гульні. Захад глядзіць паблажліва на гэтыя прапановы, не бачыць у іх нешта сурʼёзнае, вартае абмеркавання», – даводзіць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Мірныя намеры афіцыйнага Менску выклікаюць сумнеў

Асабліва ў кантэксце запланаваных на верасень буйных расейска-беларускіх вучэнняў «Захад-2017». Паводле афіцыйнай інфармацыі, у Беларусь прыбудуць прыблізна 3 000 расейскіх жаўнераў і каля 300 адзінак тэхнікі. Планаваныя манеўры выклікалі занепакоенасць нашых суседзяў. Крытыку спараджае і неэфектыўнасць Менскіх перамоваў для ўрэгулявання ўкраінскага крызісу.

Бо афіцыйны Менск ёсць блізкім палітычным і вайсковым хаўруснікам Крамля. Сам Лукашэнка неаднойчы заяўляў: «Беларусь у рамках АДКБ і Саюзнай дзяржавы адказная за заходні кірунак. Гэта зона адказнасці Беларусі. Уся нашая армія сканцэнтраваная на гэта разам з Расеяй».

Ці ўдасца Лукашэнку спалучыць міратворчыя амбіцыі з абавязкамі перад галоўным хаўруснікам? Апошнія падзеі з удзелам Расеі (асабліва канфлікт на Данбасе) даводзяць, што ў мірным працэсе Крэмль хутчэй не зацікаўлены.

Ян Бабіцкі, «Белсат», фота: Alexander Shcherbak / TASS / Forum