Ці пачне дзяржава святкаваць Дзень Волі на афіцыйным узроўні?


25-га сакавіка робіцца важнаю датаю не толькі для апазіцыі, але і для ўладаў. Канферэнцыя «БНР у гісторыі беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці» ў Акадэміі навук сабрала як навукоўцаў, гэтак і прадстаўнікоў Адміністрацыі прэзідэнта ды апазіцыйных партыяў і рухаў.

Стваральнікі Беларускай Народнай Рэспублікі ўпершыню заявілі, што беларусы маюць свае нацыянальныя правы. І прымусілі лічыцца з гэтымі правамі нават бальшавікоў.

«Гэта быў той тэзіс, на падставе якога ўзнік антытэзіс у форме Беларускай ССР. І гэта быў той тэзіс, на падставе якога потым узнік сінтэз – Рэспубліка Беларусь. Яна ўвабрала і ідэі БНР, і ідэі БССР», – тлумачыць прафесар БДУ Уладзімір Снапкоўскі.

Незалежная беларуская дзяржава, якую абвесцілі сто гадоў таму, не была стварэннем штучным ці інспіраваным звонку. Дзеячы беларускага нацыянальнага руху сфармавалі ўрад, каб уратаваць краіну ад бедаў Першай сусветнай вайны і рэвалюцыі ў Расеі.

«Самы галоўны фактар, які штурхаў эліты ў кірунку БНР, звязаны з неабходнасцю шукаць сродкі нацыянальнага выратавання. Гэтая ідэя гучала тады вельмі моцна, з вялікай сілай», – распавядае Рыгор Лазько, прафесар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэту.

Агрэсія Расеі супраць Украіны прымушае ўлады задумацца

Як узмацніць нацыянальную самасвядомасць беларусаў, мяркуюць некаторыя эксперты. Менавіта таму дзяржава пачынае пераглядаць сваё стаўленне да несавецкай беларускай гісторыі.

«Працягваюцца і арышты, працягваюцца і штрафы за збор подпісаў за беларускую мову. То бок, у палітычным сэнсе ўлада абсалютна не адпускае лейцы, але відавочна, што на сённяшні момант улада гатовая разглядаць і БНР, і іншыя нацыянальныя каштоўнасці як падмурак для новай дзяржаўнай ідэнтычнасці», – мяркуе палітык Аляксей Янукевіч.

На думку ўдзельнікаў канферэнцыі, ідэя дзяржаўнай незалежнасці, абвешчаная стваральнікамі Беларускай Народнай Рэспублікі, здольная аб’яднаць нацыю, але да гэтага трэба прайсці вельмі доўгі шлях. Грамадства і ўлады цяпер толькі ў пачатку гэтага шляху.

Аляксандр Папко, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum