Ці не зашмат адпачываюць беларусы?


Ну, што, спадарства, – як вашая працоўная субота? Шосты працоўны дзень запар – звычайная справа і для журналістаў. Затое ўжо на наступным тыдні будзем адпачываць ажно чатыры дні.

Сёння працуем за паслязаўтра – перанесены працоўны дзень з прысвятку Калядаў. Гэткім чынам, у беларусаў будзе тры выходныя запар – з 23 да 25 снежня.

Жыхары Менску:

«Зручна, калі вялікія выходныя, ты можаш паехаць да родных».

«Сёння працоўны, на наступным тыдні ў нас выходныя. Гэта добра».

«Гэта зручна. Адную суботу адпрацуеш, і, не разрываючы дні, тры дні выходныя. Можна будзе і да родных з’ездзіць, і нармальна спакойна пасядзець».

Тым часам у краінах Цэнтральнай і Заходняй Еўропы традыцыйныя калядныя канікулы доўжацца амаль па тыдні.

Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага Канргэсу дэмакратычных прафсаюзаў: «Прадпрыемствы не загружаныя, кантракты новыя не заключаюцца, пастаўкі ўсе прыпыняюцца. У прынцыпе, для вялікіх, а, можа, і для малых прадпрыемстваў працаваць вялікага сэнсу няма. Адзінае, што працуе на стоадсоткавай загрузцы – гэта гандаль, гэта сфера паслугаў, турыстычных і гэтак далей».

У той жа момант грамадскасць расчаравала рашэнне Саўміну зрабіць 2 студзеня налета працоўным днём. Апошні раз у гэты дзень беларусы працавалі ажно сем гадоў таму. Петыцыя з патрабаваннем перанесці працоўны дзень з 2 студзеня набрала больш за 15 тысячаў подпісаў, аднак засталася без увагі ўладаў.

Жыхары Менску:

«Было б вельмі добра, калі б зрабілі 2-га чысла выходны. Бо ўсё ж шмат хто едзе дадому, хто не з Менску. Ды і ў прынцыпе шмат родных прыязджае».

«Добра было б адпачыць другога. Але як вырашылі, так вырашылі».

«Адзінае, другога чысла вельмі хацелася б выходны».

Сярод еўрапейскіх краінаў Беларусь мае найменш выходных, што прыпадаюць на дзяржаўныя святы – дзевяць. Гэта і самы нізкі паказнік сярод нашых суседзяў. Тыя ж расейцы адпачываюць ажно на чатыры дні больш.

Сяргей Антусевіч, намеснік старшыні Беларускага Канргэсу дэмакратычных прафсаюзаў: «У рэдакцыі новага працоўнага кодэксу была такая норма – яна перапісаная фактычна з расейскай – што калі святочны дзень прыпадае на выходны, то выходны пераносіцца на панядзелак наступнага тыдня. Але пры першым чытанні гэтая норма ўжо знікла».

Немагчыма не згадаць і адмову ўладаў увесці выходны дзень на Дзяды, чаго н(я) першы год патрабуе грамадскасць. Адпаведна, чакаць змены ў колькасці непрацоўных дзён, хутчэй, не варта. Працуюць усе!

Зміцер Міцкевіч, «Белсат»