Ці на рэпрэсіі адрэагуе Захад?


Насуперак закону – нерэгістрацыя фаварытаў выбарчай кампаніі ды дзясяткі палітвязняў. Як на падзеі ў Беларусі рэагуюць заходнія дзяржавы? І што можа змяніцца ў дачыненнях паміж Беларуссю і дэмакратычнымі краінамі свету?

«Мы не пацерпім ціску на нашую судовую, праваахоўную і выбарчую сістэмы».

МЗС Беларусі адрэагавала на словы галавы прадстаўніцтва Еўразвязу ў Беларусі Дырка Шубэля. Напярэдадні той выказаў спадзеў, што Бруселю не давядзецца вяртаць санкцыі супраць афіцыйнага Менску.

«Гэтае пытанне адкрытае. Напэўна, яно прагаворваецца і абмяркоўваецца сярод еўрапейскіх чыноўнікаў і еўрапарламентароў. Хутчэй за ўсё, яны будуць, толькі ў якой ступені? Ці такія ж вострыя, як у 2011 годзе, ці больш лагодныя – час пакажа», – каментуе дырэктар даследчага цэнтру BISS Пётр Рудкоўскі.

З пачатку выбарчай кампаніі спіс палітвязняў папоўнілі 22 чалавекі. Сярод іх – патэнцыйны кандыдат на прэзідэнцтва Віктар Бабрыка, ягоны сын, а таксама блогер Сяргей Ціханоўскі, які збіраўся стартаваць у выбарчай кампаніі. Даклад аб сітуацыі ў Беларусі разглядае Рада ААН у справе правоў чалавека.

«Мы бачым спробы абмежаваць апанентам прастору для выказвання, і нават палітычную прастору, неабходную для правядзення выбараў. Гэта выклікае непакой. Я таксама вельмі занепакоеная ґвалтоўнымі дзеяннямі ўладаў, колькасцю арыштаў і спосабам іх здзяйснення. Такі клімат мне падаецца мала спрыяльным для правядзення мірнага галасавання», – паведаміла спецдакладчыца ААН аб правах чалавека Анаіс Марэн.

Цэнтрвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі двум фаварытам кампаніі: Віктару Бабарыку, які застаецца ў СІЗА, і Валеру Цапкалу. Святлану Ціханоўскую зарэгістравалі, аднак за кратамі па-ранейшаму трымаюць ейнага мужа і прынамсі дзевяць сябраў каманды. Яшчэ двое – пад падпіскай аб нявыездзе. Чым можна ім дапамагчы?

«У інтэрнэце існуе такая пляцоўка, BY_HELP, на якую можна пераводзіць грошы. Яны пойдуць і на дапамогу палітвязням, і на дапамогу рэпрэсаваных паводле адміністратыўных артыкулаў – для выплаты штрафаў або падтрымання сям’і», – раіць праваабаронца Павел Левінаў.

Адміністратыўныя справы супраць каманды Ціханоўскай працягваюцца. Юлію Барсукову з Віцебску абвінавачвалі ва «удзеле ў несанкцыянаваным пікетаванні». Аднак суд скончыўся нечакана. Суддзя Ілля Белавус скасаваў справу праз недаказанасць віны.

«Пікеты былі легальныя і праходзілі ў адпаведнасці з законам. Нічога супрацьзаконнага ніхто са зборшчыкаў подпісаў і сябраў ініцыятыўнай групы не здзяйсняў», – кажа адміністратарка тэлеграм-каналу «Краіна для жыцця»

«Мы падтрымліваем незалежнасць і суверэнітэт Беларусі, але правы чалавека і дэмакратыя застануцца ў цэнтры ўвагі Еўразвязу пры фармаванні ягонай палітыкі», – такую заяву ў адказ на нерэгістрацыю фаварытаў выбарчай кампаніі апублікаваў кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль.

Аляксандр Папко, «Белсат»