Ці можна верыць афіцыйным звесткам пра COVID-19?


1.896 захварэлі, 8 памерлі ад каронавіруса за апошнія содні. Але ці можна верыць гэтай статыстыцы?

Трэці дзень запар статыстыка ў захворванні на ковід у Беларусі б’е сумны рэкорд. Імклівы рост тых, хто захварэў, назіраецца з пачатку восені. Першага верасня каронавірус дыягнаставалі ў 119 пацыентаў. Паказнік за апошнія содні – у 16 разоў вышэйшы.

Зачыненыя межы, абавязковы масачны рэжым, паліклінікі ў Менску ды некаторых іншых гарадах прыпыняюць планавы прыём. І калі лік інфікаваных расце штодня, афіцыйны лік смерцяў праз каронавірус застаецца нязначным – менш за 10 чалавек штосодні. Ці ўсё ў парадку з гэтаю статыстыкаю?

Наш суразмоўца ўпэўнены, што не. Як прыклад – статыстыка суседніх краінаў. У перыяд другой хвалі каронавіруса следам за павелічэннем колькасці хворых рэзка павялічыліся і выпадкі лятальнага зыходу. І Беларусь тут выняткам быць не можа, кажа аналітык Андрэй Шуман.

«Калі мы разглядаем смяротнасць – яна ў нас фактычна простая лінія. Яна не можа быць простаю лініяй. Яна павінна паўтараць амплітуду актыўных выпадкаў, гэта значыць – быць дугападобнай крывой. А яна – простая лінія. Такога не бывае, вядома. Гэта статыстычная анамалія, якая сведчыць пра тое, што статыстыка не адлюстроўвае рэальнасці», – кажа сацыяльны аналітык Андрэй Шуман.

Падобнага меркавання прытрымліваецца лекар-рэаніматолаг з Віцебску Расціслаў Савіцкі. Адмысловец кажа, што статыстыка Міністэрства аховы здароўя не паказвае праўды.

«Гэта робіцца дзеля таго, каб у гісторыі засталіся лічбы. Часта вельмі забываецца, што ў людзей у галаве, а лічбы застаюцца назаўжды. Напэўна, з перспектывы на гэта, што вось у Беларусі ў гэты перыяд усё было цудоўна. Праз пяцьдзясят гадоў так і будуць казаць, калі застанецца такая статыстыка», – упэўнены лекар-рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

За ўвесь час пандэміі ў Беларусі агулам выявілі больш за 145 тысяч выпадкаў заражэння каронавірусам. Памерлі праз хваробу афіцыйна 1198 асобаў.

Міхаіл Прановіч, «БЕЛСАТ»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева («Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!