Ці можна ўкараніць мову прымусам ды скаргамі?


Не матэматычная ці юрыдычная тэрміналогія, а толькі звычайныя «гарбата бяз цукру» аказаліся непадʼёмнымі словамі для касіркі ды нават менеджара менскай кавярні «Бургер Кінг». І замест выбачэнняў Анатоль Новікаў пачуў безапеляцыйнае: «Мы не абавязаныя ведаць беларускую мову».

Мянчук напісаў скаргу. Адказ прыйшоў таксама з парушэннем закону. І цяпер справаю зоймецца адміністрацыя Цэнтральнага раёну сталіцы, парушальнікам пагражае штраф.

Вядоўца курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка лічыць, што ўкараняць прымусам мову нельга. І калі хтосьці не разумее цяжкой тэрміналогіі па-беларуску, варта проста патлумачыць чалавеку бяз скаргаў ды з усмешкаю развітацца. Але на відавочнае хамства варта рэагаваць рэзка і паводле закону, які, на шчасце пакуль яшчэ працуе.

«Больш жорсткае выкананне гэтых законаў папросту паставіць на месца хамаў. Яно нікога не прымусіць любіць беларускую мову, але нікога і не адверне ад беларускай мовы», – мяркуе Лабадзенка.

Сітуацыя ж з беларускаю моваю катастрафічная. Паводле Белстату, за мінулыя 10 гадоў адсотак школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, зменшыўся больш як на траціну. Найбольшая доля беларускамоўных вучняў – у Менскай, Берасцейскай ды Гарадзенскай вобласцях. Найгорш сітуацыя выглядае ў сталіцы, дзе менш за 2 % школьнікаў вучыцца па-беларуску.

«Таму што камуністы, падонкі, прыйшлі сюды, забараняў мову ў школах, абрабаваў нашыя палацы ў Нясвіжы і Міры, знішчаў нашую культуру», – тлумачыць сітуацыю мянчук.

Вялікую частку віны за бядотны стан беларускамоўнай адукацыі адмыслоўцы ўскладаюць на ўлады. Гэта і нястача беларускамоўных садкоў ці класаў у школах, і адсутнасць паўнавартаснага працэсу адукацыі па-беларуску ў каледжах ці ўніверсітэтах. Законы ў Беларусі таксама выдаюць па-расейску, як і большасць прафесійных тэрміналагічных слоўнікаў.

Аднак попыт на родную мову ў беларусаў ёсць. Гэтак, сёлета на 6 тысяч абітурыентаў больш, чымся летась, захацелі здаваць цэнтралізаванае тэставанне па-беларуску.

«Мы павінны найперш думаць пра тое, што мы павінны рабіць. А не чакаць, што прыйдуць нейкія чыноўнікі і зробяць для нас беларускамоўную Беларусь», – кажа Глеб Лабадзенка.

На пачатку 90-х у Беларусі распрацавалі адмысловую праграму развіцця і пашырэння беларускай мовы. Аднак па прыходзе да ўлады Лукашэнкі сітуацыя толькі пагаршалася. Пасля ўвядзення двухмоўя беларуская мова зацята выціскаецца з ужытку.

Юрый Салодкі, «Белсат»