Ці маюць дзеці права на выражэнне свайго меркавання?


Шмат хто з бацькоў бярэ дзяцей на дэманстрацыі. І праз гэта спазнаюць чарговыя рэпрэсіі з боку дзяржавы. Ці маюць дзеці права на выражэнне свайго меркавання?

Рыхтуюцца да свята, але настрой у сям‘і Альгерчык не зусім святочны. Пасля пэўнага здарэння не адчуваюць спакою ні маці, ні ейная 15-цігадовая дачка Маша. У палове лістапада журналістка TUT.by сабралася на плошчу Пераменаў, а паколькі ніякай акцыі там ужо не было, узяла з сабою дачку-падлетка. Неўзабаве абедзве апынуліся ў РУУС.

«Калі вы не вінаватыя – вас адпусцяць. І калі мы ўзялі ў рукі пратакол, а там напісана, што мы ўдзельнічалі ў мерапрыемстве, былі ў групе людзей, якія неслі сімволіку, лозунгі і тым самым выказвалі пратэст, дзіця маё паглядзела і сказала: «Мама, яны ж сказалі, што афіцэр разбярэцца», – расказвае Юлія Альгерчык, журналістка TUT.by.

Цяпер з сям’ёй разбіраюцца шмат якія органы, справу журналісткі накіравалі ў суд, распачала правяранне інспекцыя ў справах няпоўнагадовых, школьная адміністрацыя таксама ўзялася за сямʼю.

«Я намагалася трымацца спакойна, не рэагаваць асабліва, але ўсё адно такі нейкі стан, што па цябе могуць прыйсці, ламацца ў дзверы, забраць дзіця. Такая трывога расла, бо былі выпадкі, калі прыходзілі, былі пагрозы забраць дзіця з сямʼі», – дзеліцца з намі Юлія Альгерчык.

Такія пагрозы выслухоўваюць багата бацькоў, адныя – праз тое, што ўзялі дзяцей на акцыі (прычым не заўсёды пратэставыя), іншыя – праз тое, што дзіця выказала сваё меркаванне ў школе:

«Як мы можам не цікавіцца палітыкай, калі я нават не ведаю, ці прыйдзе мой тата ўвечары дадому?»

І не важна, як выказалі – словамі, спевамі ці нават проста… маўчаннем і чыстым аркушам паперы.

«Дзеці маюць права на выражэнне сваіх думак і меркаванняў. Гэта гарантавана артыкулам 13 Канвенцыі ААН аб правах дзіцяці і артыкулам 11 закону РБ «Аб правах дзіцяці», кажа Андрэй Маханько, заснавальнік грамадскага аб’яднання «Разуменне».

За тое, што дзеці рэалізуюць свае правы, улады караюць бацькоў, выстаўляючы ім артыкул адміністратыўнага кодэксу 9.4 «Невыкананне абавязкаў у выхаванні дзяцей». Караюць бацькоў – пакутуюць таксама і дзеці.

«Ім трэба казаць, што яны сапраўдныя героі, што яны робяць тое, што адчуваюць, што яны заўсёды могуць разлічваць на падтрымку сваіх бацькоў», – дае параду дарослым Андрэй Маханько.

Абаронца правоў дзіцяці называе беспадстаўныя палітычныя пераследы ґвалтам над дзецьмі з боку сістэмы. Псіхолагі кажуць, што такая сітуацыя, калі думаеш адно, а мусіш казаць і рабіць іншае, пагражае сурʼёзнымі псіхалагічнымі праблемамі ў дзяцей і дарослых. Якое ж выйсце?

«Забіраць дзяцей са школы… Зʼязджаць у іншыя краіны… А як па-іншаму? Я нічога не магу сказаць, як быць па-іншаму. Калі казаць нельга, перасоўвацца нельга. Хутка мы будзем дыхаць, калі нам скажуць», – кажа настаўніца Таццяна Калгіна.

Што нас не знішчае, тое ўзмацняе. Гэта таксама жыццёвы ўрок для дзяцей і бацькоў.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Напішы журналістам