Ці беларускія жанчыны роўныя ў правах з мужчынамі?


Ад паўтара да двух рублёў за цюльпан. Самыя танныя, дарэчы, галандскія – такі вось мінімальны кошт 8-га сакавіка для тых, хто не задумваецца пра гендарны кантэкст гэтага дня. Суразмоўца «Белсату» Ірына Альхоўка з грамадскага аб’яднання «Гендарныя перспектывы», звяртае ўвагу на тое, што да дэклараванай гендарнай роўнасці ў Беларусі яшчэ далёка.

«Чаму 8 сакавіка актуальнае свята да гэтага часу менавіта як свята салідарнасці жанчын, а не цукерна-букетнае свята. Бо першая праблема, гэта праблема гвалту да жанчын, харасмент і гэта добра, што мы пра гэта кажам», – тлумачыць Іра.

Кожная трэцяя беларуска зазнае псіхалагічны ці фізічны гвалт

Пры гэтым у нас вельмі нізкая статыстыка сексуальных злачынстваў у дачыненні дарослых жанчын, менш за тысячу на год. І гэта не можа быць праўдай, кажа экспертка. Але калі весці гаворку аб праблемах, якія закранаюць практычна кожную, то гэта пытанні працаўладкавання і годнай аплаты.

«Другая праблема звязаная з рэалізацыяй жанчынай права на працу. Усцяж актуальная праблема гендарнай дыскрымінацыі. Менавіта жанчынам задаюць на суразмоўях пытанні ці збіраюцца яны выходзіць замуж, якое асабіста жыццё, то бок высвятляецца сямейны статус», – дадае спадарыня Альхоўка.

На афіцыйным жа ўзроўні 8-га сакавіка напярэдадні адзначылі ўручэннем дзяржаўных узнагародаў, якая атрымалі сярод іншых шматдзетныя маці, а таксама пераможцы Алімпійскіх гульняў у Пхёнгчхангу.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum