Ці аправілася Беларусь ад радыяцыйнага ўдару?


Беларусы жывуць не пасля Чарнобылю, а ўсцяж з ім.

Імаверна, таму аварыя на ЧАЭС і праз 34 гады не забытая жыхарамі нашае краіны:

«Бацька прыйшоў на кухню і распавёў: «Падобна, што там аварыя нейкая ў Чарнобылі». Ну а што нам? Аварыя і аварыя. І сталі жыць як звычайна».

«Добра памятаю, як нас пагналі на дэманстрацыю 1 траўня, пасля мы паехалі ў вёску ў Калінкавіцкі раён засяваць агарод. Мы нічога не ведалі пра гэта».

«Мы з дзецьмі былі на парадзе, а пасля ўжо нам сказалі, што здарылася аварыя. Тым, хто быў бліжэй, у 30-кіламетровай зоне, сказалі сцерагчыся, а тут нічога».

«Усе беглі, нічога з сабою не бралі, усё пакідалі, людзі ратаваліся самі. Ведаю, што гэта было страшна для ўсіх і наступствы былі страшныя».

Як адзначаюць у Дэпартаменце МНС Беларусі ў справе ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай аварыі, адразу пасля катастрофы радыяцыйнае забруджанне цэзіем-137 зазнала амаль чвэрць тэрыторыі нашае краіны, на ёй жылі тады больш за два мільёны чалавек. Найбуйнейшая катастрофа не магла не адбіцца на здароўі людзей, што і адзначаюць жыхары Гомля:

«Хранічныя хваробы розныя, шчытападобнай залозы. Здароўе стала ўва ўсіх нашмат горшае, дзеці слабейшыя сталі».

«У мяне дачка нарадзілася ў 1987 годзе. Я лічу, што праз гэта ў яе доўгі час не было дзяцей. Яна доўга лекавалася. Наколькі я ведаю, ейныя аднакласніцы такога ж узросту таксама доўга не маглі зацяжарыць».

«Нават я, малады чалавек, здавалася б, але ў мяне вельмі рана пачаліся праблемы з касцямі, у мяне ёсць хранічныя хваробы, якія я з 18 гадоў адчуў, магчыма, гэта праз наступствы аварыі на ЧАЭС».

Катастрофа, як адзначаюць медыкі, найбольш адбілася на здароўі тых, хто падчас яе быў дзіцём, інакш кажучы, пакаленне 34+.

«На здароўі іх шчытападобнай залозы. Той ёд радыеактыўны, які тады накрыў Беларусь, ён ударыў у першую чаргу па гэтым. Таму захворванні шчытападобнай залозы, у першую чаргу, рак вырас у дзясяткі, у 18 разоў», – кажа неўролаг Васіль Аўраменка.

У сваю чаргу, паводле доктара, шчытападобная залоза ўплывае і на судзінную сістэму, нервовую, а таксама рэпрадукцыйную: «Радыеізатопы ўплываюць на генетычны код клетак. Прасцей кажучы, яны выклікаюць мутацыі, парушэнні генетычнага коду. А гэта ў першую чаргу выклікае хваробы анкалагічныя, імуналагічныя, інакш кажучы, змяненні імунітэту».

Не зважаючы на тое, што мінула больш за тры дзесяцігоддзі з моманту аварыі, радыенукліды ўсцяж у зямлі ды ўздзейнічаюць на нас, – кажа Таццяна Новікава, сябра Рады грамадскага аб’яднання «Экадом» і прадстаўніца Беларускай антыядравай кампаніі: «Яны з плынямі грунтовых водаў, з ападкамі, паветранымі пераносамі ўвесь час распаўсюджваюцца з зоны. У малой канцэнтрацыі, але яны ўсё ж трапляюць на наш абедзенны стол, у наш рацыён».

Страшныя наступствы чарнобыльскай аварыі дасюль не пераадоленыя, але ўлады нашае краіны пераконваюць, што яны нязначныя.

«Звязана гэта з тым, што гэта патрабуе вялікіх выдаткаў, гэта патрабуе культуры і матэрыяльных выдаткаў. Ні таго, ні другога мы не маем. Трэба, каб выступалі навукоўцы, расказвалі сведкі, трэба, каб у кожным райцэнтры быў цэнтр правярання харчоў, каб было прызвычайванне людзей да іншай культуры ды разуменне таго, што адбываецца», – кажа Святлана Алексіевіч, нобэлеўская лаўрэатка, аўтарка «чарнобыльскай малітвы».

Паводле Дэпартаменту МНС у справе ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, за тры паслячарнобыльскія дзесяцігоддзі страты Беларусі склалі $ 235 млрд. Страты звычайных людзей, пацярпелых ад радыяцыі, падлічыць немагчыма.

Вольга Старасціна, «Белсат»