Цэнтральная выбарчая камісія ўнесла змены ў выбарчы працэс


Выбары стануць крыху больш празрыстымі, але ці дэмакратычнымі? Змены, якія Цэнтральная выбарчая камісія ўнесла ў выбарчы працэс, прааналізавалі беларускія праваабаронцы. Што змянілася? Ці прыслухаліся беларускія ўлады да міжнародных назіральнікаў і паводле якога сцэнару збіраюцца правесці сёлетнія выбары?

За тое, што назіральнік зрабіў фота, за дзверы выбарчага ўчастку яго ўжо не выставяць. Праўда, фатаграфаваць можна будзе толькі з вызначанага камісіяй месца. Праваабаронцы распавялі, што новага Цэнтрвыбаркам унёс у метадычкі для выбарчых камісіяў.

Уладзімір Лабковіч, кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«На жаль, гэтая змена, хоць і робіць выбары больш празрыстымі, але абсалютна не набліжае іх да большай дэмакратычнасці».

З пяці парламенцкіх кампаніяў, якія прайшлі ў нашай краіне за апошняе дваццацігоддзе, міжнародныя назіральнікі не прызналі дэмакратычнай аніводную. Пасля кожных выбараў беларускія праваабаронцы і АБСЕ агучваюць у сваіх дакладах адныя і тыя ж прэтэнзіі. Асноўнымі можна назваць тры.

Па-першае, усё больш беларусаў галасуюць датэрмінова, а 24 гадзіны сачыць за скрыняй назіральнікам не даюць. Па-другое, не даюць пабачыць падліку галасоў, трымаючы на бяспечнай ад выбарчай камісіі адлегласці. Па-трэцяе, у выбарчыя камісіі прадстаўнікоў апазіцыі не пускаюць. Толькі 53 такія асобы маглі лічыць галасы на мінулых выбарах. Усяго выбарчых участкаў у краіне – 6 тысячаў.

Уладзімір Лабковіч, кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары»:

«Падчас датэрміновага галасавання мы будзем назіраць больш як на 200 выбарчых участках, што нам дасць магчымасць адказаць, наколькі датэрміновае галасаванне адпавядала беларускаму заканадаўству і міжнародным стандартам. А ў дзень выбараў мы будзем назіраць больш як на 300 выбарчых участках».

Дзень выбараў у Палату прадстаўнікоў Аляксандр Лукашэнка з Лідзіяй Ярмошынай прызначылі на 17 лістапада. Скараціўшы пры гэтым паўнамоцтвы дзейнага парламенту амаль на год. Дэпутаты не абурыліся. А кіраўніца Цэнтрвыбаркаму заявіла, што не супраць, каб у будучыні грамадзяне галасавалі не за асобных кандыдатаў, а за партыі.

Андрэй Ягораў, Цэнтр Еўрапейскай трансфармацыі:

«Гэтае пытанне так даўно абмяркоўваецца, і ў гэтай электаральнай рэформе (увядзенні прапарцыянальнай сістэмы) так мала сэнсу, што вельмі малаверагодна, што яна будзе рэалізаваная нават у наступныя выбары».

А ці ёсць сэнс прыйсці галасаваць на бліжэйшых выбарах, запыталіся мы ў жыхароў Менску:

«Ведаю пра такое мерапрыемства, але галасаваць не пайду, як раблю ўжо доўгія гады, таму што ад гэтага нічога не залежыць. Нашыя галасы лічыць не будуць».

«Я думаю, што на выбары я ўсё-такі пайду. Хаця б таму, што за гэта заплачаныя грошы падаткаплатнікаў».

«Канечне! Хто тады будзе выбіраць, калі ніхто туды не пойдзе?!»

«Не! Чаму? Таму што ўсё вырашаецца без гэтых дэпутатаў, без нічога!»

Палітык, які прымае галоўныя рашэнні, парламенцкія выбары загадаў правесці паводле спраўджанай схемы:

«Правесці годна. Канечне, будуць казаць, што і тое дрэнна, і гэта дрэнна! Але парадак і стабільнасць ляжаць у аснове», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Стабільнасць – гэта калі загадзя вядома, каму камісія аддасць перамогу. А адзінай інтрыгаю застаюцца хіба толькі цэны на гарэлку і піражкі ў буфетах на выбарчых участках.

Аляксандр Папко belsat.eu