Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ўзялася за назіральнікаў


Забяспечыць галоснасць на выбарах. А менавіта: дазволіць выбарнікам фатаграфаваць бюлетэні, а пры падліку галасоў – дэманстраваць назіральнікам кожны бюлетэнь. Такую прапанову ад выбарчага штабу Святланы Ціханоўскай Цэнтральная выбарчая камісія нават разглядаць адмовілася. Затое – пастанавіла скараціць колькасць назіральнікаў на выбарчых участках, спасылаючыся на эпідэмію каронавіруса.

«Ужо цяпер акрэдытавана больш за 40 тысяч нацыянальных назіральнікаў. Казаць пра тое, што назірання няма, увогуле не выпадае. Таму і прынцып будзе: прадэманструюць журнал тады старшыні ўчастковых камісіяў тым, хто будзе незадаволены. І пакажа, хто чарговы», – распавяла старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Гэтак, вызначаць асобаў, дапушчаных да назірання, будуць паводле прынцыпу чарговасці – у звязку з парадкам падавання заяваў на акрэдытацыю. Лік назіральнікаў на ўчастку мае не перавышаць пяці ў асноўны дзень галасавання. Не больш за тры – пры датэрміновым галасаванні.

«Такую логіку яшчэ можна было б зразумець, калі б… яна ўтрымлівалася ў пастанове першапачатковай. Калі б загадзя людзі ведалі гэтыя правілы, і тады б імі можна было кіравацца. Цяпер мы бачым, што на шмат якіх участках мэтанакіравана ўжо некалькі тыдняў рэгістраваліся праўладныя назіральнікі», – лічыць праваабаронца Алег Гулак.

На сёння выбарчыя камісіі акрэдытавалі каля 43 тысяч назіральнікаў. Гэты лік перавышае вызначаную колькасць назіральнікаў на ўчастках. Пры гэтым больш за 70 адсоткаў спісу складаюць прадстаўнікі праўладных аб‘яднанняў і партыяў. Ці давяраюць грамадзяне працы такіх назіральнікаў?

«Ой, тады не трэба ні ў якім разе! Ні ў якім разе! Толькі назіральнікаў тых, якія будуць сумленнымі, і каб Лукашэнкі і духу не было!»

«Ужо шматгадовая практыка паказала, што гэта інструмент, які працуе не на нашую карысць. Вось і ўсё».

«Нават, калі будуць назіральнікі незалежныя, то выбары ўсё роўна будуць несумленныя. Таму што, як кажа Лідзія Ярмошына: галоўнае, як лічаць».

Прадстаўнікі Святланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі ды Валера Цапкалы заклікалі сваіх прыхільнікаў запісвацца ў назіральнікі, каб фіксаваць фальсіфікацыі. Абʼяднаны штаб пралічваў імаверны план ЦВК абмежаваць працу назіральнікаў і паралельна распрацоўваў на абвешчаным камандай Валера Цапкалы альтэрнатыўныя інструменты з улікам дзейнага заканадаўства.

«Больш за 200 удзельнікаў распрацавалі рознага кшталту ІТ-рашэнні для альтэрнатыўнага падліку галасоў на цяперашніх выбарах. Гэта дае магчымасць і самым выбарнікам, і назіральнікам даведацца дакладна, колькі галасоў было аддадзена за якога кандыдата», – распавёў прадстаўнік штабу Валерыя Цапкала Валер Мацкевіч.

Андрэй Дзмітрыеў таксама заклікаў грамадзянаў да актыўнага назірання і з улікам зменаў прапанаваў свой план: дамагчыся прадставіць на кожным участку па адным назіральніку ад кожнага кандыдата на прэзідэнта.

«Мы адразу кажам ЦВК, што разумеем, што гэта незаконна, але, калі яны кажуць, што сітуацыя надзвычайная і праз гэта выносяць пастанову ў абмежаваннях, то трэба прымаць і гэтае рашэнне, кіруючыся разуменнем надзвычайнага стану», – сказаў кандыдат на прэзідэнта Беларусі Андрэй Дзмітрыеў.

Сёлета назіраць за прэзідэнцкімі выбарамі не будуць і прадстаўнікі АБСЕ. Паводле міжнародных назіральнікаў, беларускі бок не даслаў ім афіцыйнага запрашэння. Хоць айчыннае Міністэрства замежных справаў сцвярджала, што запрашэнні накіравалі адразу пасля рэгістрацыі кандыдатаў на прэзідэнцтва.

Юлія Лабанава, «Белсат»