Цэнтр дапамогі дзікай жывёле пад пагрозай закрыцця


Адзіны ў Беларусі цэнтр дапамогі дзікім жывёлам можа спыніць існаванне. З-за фінансавых цяжкасцяў і недахопу зямлі валанцёры не могуць найдалей працягваць сваю дзейнасць і просяць дапамогі.

Плацінавая і срэбна-чорная лісы з мінулага года жывуць у «Сірыне». Летась некалькі кантактных заапаркаў зачынілася, і валанцёры выкупілі адтуль жывёлу. Лісы застануцца ў цэнтры, як і шмат якія жывёліны, што не ў стане выжыць у дзікай прыродзе. Вясна і лета – гарачая пара для працаўнікоў цэнтру. Людзі прывозяць параненых звяркоў ці птушанятаў.

«У Пінску ўпала дрэва, на ім было гняздо, у гняздзе было два птушаняты. Людзі падабралі, перадалі ў «экалогію» пінскую, «экалогія» перадала нам», – расказвае кіраўніца цэнтру Ірына Траяноўская.

Валанцёры выгадуюць гэтае птушаня драпежнай птушкі, адаптуюць да дзікай прыроды і выпусцяць на волю. Гэтак работнікі штогод выпускаюць у дзікую прыроду нямала сваіх гадаванцаў. Каб дапамагчы цэнтру, валанцёры прапаноўваюць узяць пад апеку аднаго гадаванца. То бок прафінансаваць выдаткі на яго ўтрыманне. У сярэднім на адну жывёліну сыходзяць 150 рублёў на месяц. Цяпер пад апекай каля 10 з 80 насельнікаў цэнтру.

Агулам за пяць гадоў існавання цэнтру валанцёры ўратавалі каля тысячы дзікіх жывёлінаў. Шмат каму з іх давялося рабіць дарагія аперацыі.

«Яны вяртаюць да жыцця жывёлу, яны вяртаюць іх у натуральны асяродак, яны рэабілітуюць жывёлу пасля кантактных заапаркаў, пасля няшчасных выпадкаў. То бок там, дзе чалавек нашкодзіў, «Сірын» дапамагае жывёліне вярнуцца да жыцця», – расказвае апякунка аднаго з гадаванцаў цэнтру Кацярына Ямбушава.

Але цяпер цэнтр не можа функцыянаваць нармальна: замала месца, каб стварыць належныя ўмовы для жывёлы.

«У гэтым годзе мы для сябе ўжо вырашылі, што мы альбо пераязджаем на свой вялікі ўчастак, або зачыняцца. Бо ў тым выглядзе, у якім цэнтр існуе, працягваць існаванне няправільна», – кажа Ірына Траяноўская.

Цяперашні надзел у Дзяржынскім раёне «Сірын» арандуе. Новы ўчастак, які знайшлі зоаабаронцы – у некалькі разоў большы за папярэдні. Ён каштуе 35 тысяч долараў. Валанцёры падлічылі: кожны ахвотны можа выкупіць 1 квадратны метр за 10 рублёў. Калі неабыякавых знойдзецца хаця б 9 тысячаў, то цэнтр працягне працу. Цяпер валанцёры мабілізуюць сілы і шукаюць спонсараў.

Наста Кахановіч, «Белсат»