Аб'ектыў 20.11.2018 «Цар паехаў». Паказуха для Лукашэнкі ў Балбасава


Прыедзе кіраўнік краіны ў мястэчка, дасць чыноўнікам наганяй, і пачынаецца вялікі рамонт. Па завяршэнні – спраўдзіны і пераможная прамова перад задаволенымі жыхарамі. Нашая здымачная група прайшлася па слядох Лукашэнкі ў гарадку Балбасава і мястэчку Езярышча на аршаншчыне, ды паглядзела на якасць тамтэйшага жыцця.

Ці ўсё зрабіў для людзей?

– Нам бы яшчэ кафэ нейкае! – кажа жанчына з натоўпу.

– А то вы ў кафэ пойдзеце! – адказвае Аляксандр Лукашэнка.

– Адзначаць нейкія мерапрыемствы! – настойваюць іншыя.

– Ну глядзіце, толькі не пайдзіце ў кафэ! – пагражае пальцам кіраўнік і працягвае да чыноўніка:

– Ты мяне не ўгаворвай, я пацешуся, калі вы зробіце!

– Мы будзем рабіць.

Паспрабуйце толькі не зрабіце… «за гэта з вас будзе жэстачайшы спрос». Канец шэрага жыцця ў мястэчку Балбасава на Аршаншчыне. Тры з паловаю тысячы жыхароў слухаюць гаспадара пераменаў.

«Вельмі задаволеныя, што ж – такую прыгажосць зрабілі».

«Зрабілі шыкоўную дзіцячую пляцоўку, зрабілі ходнікі, якіх у нас ніколі не было, адрамантавалі Дом Культуры і дзіцячы садок, ацяплілі дамы», – цешацца жыхары гарадку Балбасава.

Пасля ад’езду важнай дэлегацыі жыццё ў былым вайсковым гарадку палепшылася. Таксама ў суседнім мястэчку Езярышча – для паўтары тысячы жыхароў…

«…Чаго не было, упарадкавалі. Фундамент зрабілі, адмосткі зрабілі. На плошчы робяць усе дамы, Дом Культуры неўзабаве даробяць, школу сярэднюю», – пералічвае мясцовая жыхарка.

Усё гэта робяць за грошы з мясцовага і рэспубліканскага бюджэтаў, таму калі шчыра, то атрымліваць падзякі мае не адзін чалавек, а ЎСЕ падаткаплатнікі. Лукашэнку да спадобы іншы фармат.

«Цар паехаў у народ і трэба гэта кавалкамі паказваць, як народ любіць цара, які цар добры, што ён некаму даў, атрымліваецца ледзь не з асабістае кішэні… Гэта ўсё называецца адным словам ПАКАЗУХА», – тлумачыць Анатоль Лябедзька, цэнтр «Еўрапейскі дыялог».

Спектакль у гонар адной асобы забяспечваюць мясцовыя чыноўнікі і службоўцы, карʼерны рост ці падзенне ў якіх залежыць ад Аляксандра Рыгоравіча. Бо калі б упарадкаванне рабілася для насельніцтва, ці нехта б стаў фарбаваць траву, класці асфальт у лужыны і тэрмінова адлоўліваць бадзяжных жывёлінаў, каб не псавалі агульнага ўражання?

«А людзі тут абсалютна не пры чым. Людзі аніяк не ўплываюць на гэта. Таму пладзяцца такія варʼяцкія праекты, адмыслова да прыезду Лукашэнкі ці Пуціна, як у Магілёве гэтак званая арка», – кажа Анатоль Лябедзька, цэнтр «Еўрапейскі дыялог».

Пралятаеце ля аркі, у якую ўмураваны мільён долараў, ці ўздымаецеся лесвіцаю, у якую засцелены другі мільён, ці спраўляеце патрэбу ў гомельскай прыбіральні за мільён трэці… памятайце, што гэта вашыя мільёны на чужыя патрэбы.

Мястэчкі Балбасава і Езярышча замалыя для шалёных праектаў, таму абмежаваліся тут рамонтам выгляду. У існасці ж…

«Каб працоўныя месцы зʼявіліся, трэба нейкія прадпрыемствы ствараць. Пакуль нічога не зʼявілася…»

«У нас засталося толькі лясніцтва, ЖКГ, больніца, а дзіцячы дом даўно ўжо закрылі і нічога новага тут няма…» – прызнаюць жыхары мястэчка Езярышча.

Калі няма новага – узгадваюць пра старое, што і рабіў важны госць перад мясцовымі:

«Я прыязджаў сюды, зʼядаў 10-12 порцыяў марозіва».

Неймаверны апетыт.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Фота: Sergei Bobylev / TASS / FORUM

Глядзі таксама
Каментары