Цапкала адказаў на хамства Лукашэнкі


У Менску інспектары ДАІ не даюць аўтобусам спыняцца каля ГУМа. Тут збіраюць подпісы за вылучэнне кандыдатамі на прэзідэнцтва Святланы Ціханоўскай і Валерыя Цапкалы. Ціханоўская ідзе на выбары замест мужа Сяргея Ціханоўскага, затрыманага ў Горадні.

Вось што сказалі нам жыхары і госці Менску:

«Усе бачылі, што адбылося ў Горадні, гэта бязмежжа. Сяргея Ціханоўскага затрымалі абсалютна без прычыны, нейкую прастытутку падаслалі, нейкі мент карцінна ўпаў, таму сёння трэба ўсім падтрымаць Сяргея Ціханоўскага».

«Затрымліваюць актывістаў па ўсёй Беларусі, гэта недапушчальна».

«Хочацца ўжо змяніць уладу і жыць лепш, як жывуць іншыя краіны».

Менавіта ў Горадні сёння сустракаўся з грамадзянамі Валерый Цапкала.

«Мы выказалі сваё меркаванне адносна гэтага, аддалі подпіс за Святлану Ціханоўскую… Я хачу, каб замест грубасці і высакамернасці прыйшла іншая форма стасункаў з людзьмі на палітычным і штодзённым узроўні, з узаемнай павагай», – сказаў прэтэндэнт на ўдзел у выбарах.

Гэтак дыпламатычна былы кіраўнік Парку высокіх тэхналогіяў адказаў на ўчорашні выступ Аляксандра Лукашэнкі, які ўжыў супраць яго асабістыя абразы.

«Ён проста не разумее, колькасць жа народжаных парасят ад свінаматкі і іх якасць не залежыць ад свінаматкі. Гэта яшчэ залежыць ад кныра. І калі будзе такі кныр, як гэты чалавек, то мёртванароджанымі будуць парасяты», – крычаў кіраўнік дзяржавы.

Прадстаўляючы новы ўрад, Лукашэнка заявіў, што ўвесь свет хваліць Беларусь за правільную стратэгію барацьбы з каронавірусам, а некаторыя беларусы не цэняць галоўнага дасягнення – міру і стабільнасці.

«Мой сябар Рахмон з кулямётам наперавес хадзіў у сталіцу Таджыкістана Душанбэ, каб навесці парадак, колькі загінула там людзей, як з барадачамі змагаліся. Забылі, як былы Прэзідэнт Карымаў у Андыжане падавіў путч, расстраляўшы тысячы чалавек. Усе асуджалі яго, а калі памёр – на каленях стаялі, рыдалі-плакалі», – паабяцаў нагадаць пра войны Лукашэнка.

Рэзкія выказванні кіраўніка дзяржавы выклікалі зваротную рэакцыю некаторых грамадзянаў – ад абурэння яны пайшлі падпісвацца за ўсіх альтэрнатыўных Лукашэнку кандыдатаў. Вось што сказалі «Белсату» жыхары і госці Жодзіна:

«Я ўсё чуў учора, патраціў свой час. Сёння схапіў пашпарт і пабёг падпісвацца».

«Вельмі шмат незадаволеных людзей. У нас проста «Белаз» і іншыя прадпрыемствы, там людзі баяцца страціць працу, нават тыя, хто атрымлівае капейкі, баяцца яе страціць».

«У нас банкі прапаноўваюць крэдытную сістэму, каб аплаціць камунальныя плацяжы, прапаноўваюць крэдыт, каб сабраць дзіця ў школу. Вам не сорамна?»

Жыхары Жодзіна ахвотна падпісваюцца за перамены агулам, але самі прызнаюць, што справа не толькі ў тым, хто галасуе, а хто лічыць галасы. У Беларусі ва ўчастковую выбарчую камісію проста вылучыцца – дастаткова прынесці ў выканкам подпісы ад мясцовай суполкі палітычнай партыі, грамадскага аб’яднання ці працоўнага калектыву, або жыхароў гэтага ўчастка. Але трапіць туды – амаль немагчыма, кажа Уладзімір Лабковіч.

«Няма ніякага крытэра, паводле якога чалавек адназначна трапляе ці не трапляе ў камісію. Таму гэта застаецца пад водкуп гэтага воргану, які фармуе камісію, і ён не абавязаны нешта тлумачыць», – тлумачыць каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».

Як паказаў маніторынг ранейшых кампаніяў, падначаленыя Лідзіі Ярмошынай прымаюць у камісіі правераных людзей з арганізацыі «Белая Русь», БРСМ, з дзяржаўных прафсаюзаў, Саюзу жанчын і т.п. Але абараніць галасы можна, як назіральнік.

«Назіральнікам стаць, у адрозненне ад сябра камісіі, вельмі проста. У Беларусі вельмі простая працэдура акрэдытацыі назіральнікаў, прытым што вельмі складаная праца», – падкрэслівае Ўладзімір Лабковіч.

Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» на выбарах не падтрымлівае ніводнага з кандыдатаў, і заклікае беларусаў далучацца, каб фіксаваць магчымыя парушэнні. Таксама праваабаронцы традыцыйна напярэдадні выбараў плануюць зладзіць трэнінгі для будучых назіральнікаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»