Аб'ектыў 15.02.2019 Трыццаць гадоў таму Савецкі Саюз вывеў войскі з Афганістану


Тысячы забітых салдат і афіцэраў, яшчэ больш – скалечаных целаў і лёсаў гэта вынік афганскае вайны. Трыццаць гадоў таму Савецкі САЮЗ вывеў войскі з Афганістану. Баявыя дзеянні там афіцыйна называлі інтэрнацыянальнаю дапамогай, але на практыцы канфлікт выліўся ў плыні ўцекачоў і вялізную колькасць ахвяраў.

Праз 3 гады з мапы свету знікне Савецкі Саюз, а праз сем гадоў – былога афганскага кіраўніка талібы павесяць на дроце. А пакуль – усе ўсміхаюцца. Але найбольш шчырая радасць у салдатаў, якія нарэшце вяртаюцца дадому.

Паводле афіцыйнай статыстыкі, ахвярамі 9-гадовай кампаніі сталіся каля 15 тысячаў савецкіх салдат ды афіцэраў. Афганскія ваенныя і грамадзянскія страты вымяраюцца ў сотнях тысяч, а то і мільёнах. Мікалай Няпомняшчы адным з першых апынуўся на той вайне, у якасці «спрэчнага» падарунку на сваё дваццацігоддзе:

«Палаяўся б, але ў эфіры нельга… Падумаў тады – куды ж я трапіў? Было цяжкавата».

Ня гледзячы на маланкавую аперацыю па ўсталяванні зручнага рэжыму ў Кабуле, «прысвечаныя» ужо тады разумелі, з чым давядзецца сутыкнуцца савецкай арміі.

«Дарадцы казалі, што нават мірны жыхар, няхай ён рукою махае ды ўсміхаецца, пад палою мае аўтамат. У любы момант можа стрэліць нават 10-гадовы хлапчук», – кажа Мікалай Няпомняшчы, удзельнік вайны.

Ня гледзячы на афіцыйнае маўчанне, а пазней – спробы закамуфляваць рэчаіснасць прапагандысцкімі штампамі, праўда пра вайну праціскалася ў савецкае жыццё. Перадусім у выглядзе цынкавых трунаў. Публіцыст Данііл Кацюбінскі, Санкт-Пецярбург, успамінае:

«У кастрычніку 1983 года, калі я пайшоў у прызыўны пункт, акурат прызывалі ў Афганістан. Было зашмат прызыўнікоў і мяне накіравалі дадому. Наступнага дня накіравалі ў Нямеччыну. А майго аднакласніка тады ўзялі ў Афганістан і ён загінуў. Для нашага пакалення гэта было больш паказальна, чымся артыкулы ў газеце Праўда».

Праз дзесяцігоддзі пасля распаду Саюзу – памяць аб агульных войнах усё яшчэ аб’ядноўвае яго былых жыхароў. Байцоў віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі перакінулі ў Афганістан на самым пачатку кампаніі. Назад – дадому, не вярнуліся агулам каля васьмістах беларусаў. Цяпер ля помніка-капліцы ў Менску на востраве Слёз збіраюцца ацалелыя.

«Вы бачыце, колькі людзей сёння, ня гледзячы на тое, што вельмі халадно, прамозглы вецер… Людзі ўсё адно прыйшлі. І ніхто не сыходзіць, хоць афіцыйная частка ўжо скончылася, усе засталіся», – гаворыць удзельнік вайны Дзмітрый Клейменочэў, Менск.

Афганская вайна вяртаецца ня толькі ў памінальных малітвах. Цяпер у Маскве і Менску заяўляюць аб законнасці і апраўданасці ваенных дзеянняў 80-тых, пра супрацьстаянне міжнароднаму тэрарызму. Ахвяры афганскай вайны ўжо далёка, а палітыкі малююць сённяшні дзень звычайных грамадзян па савецкіх лякалах.

«Мяркую, усё была апраўдана. Вы ж бачыце, што Афганістан – гора ўсяго свету. Цяпер там Амерыка і яны распаўсюджваюць наркотыкі».

«Яны хацелі новых перамог, але труны – ужо не іхны профіль. Гэта ўжо маткі атрымлівайце! Усё стандартна, нічога новага. Цяпер вайна на Данбасе, вайна ў Сірыі і зноў адныя труны».

«Маладыя людзі, якія прайшлі Афганістан, перажылі трагічную старонку. Хачу пажадаць ім унутранае рэабілітацыі і разумення, што яны выконвалі абавязак».

«У чужыя краіны няма чаго лезці. Асабліва на сваёй мяжы. Мяркую, што вы зразумелі маю думку…» – кажуць жыхары Менску.

Калі не было няўдалых, а тым больш – несправядлівых войнаў у гісторыі Саветаў, то і сам настальгічны для некаторых лідараў СССР можна б было лічыць правільным і справядлівым.

Ян Маравіцкі, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары