Тры гады барацьбы за праўду і бычка


Быў у гаспадара бычок, ды аднойчы вырваўся і ўцёк. У суседнюю гаспадарку – «Вазнясенск», што ў Чачэрскім раёне. Пасля гэткіх уцёкаў яго ўжо ніколі не бачылі. Гісторыя здарылася амаль чатыры гады таму, а сёння гаспадары падлічваюць страты.

Гаспадыня быка кажа:

«Я за гэтыя гады магла выгадаваць яшчэ тры цяляці. Падрыхтаваць – і здаць у калгас».

Трохгадовага быка ў той жа дзень пусцілі, як кажуць, на патрэбы сталоўкі. Гаспадар жывёліны Віктар Карпенка тры дні прасіў: або каб аддалі быка назад, або каб сплацілі за яго грошы. Адказ мужчыну быў такі: паспрабуй яшчэ давесці, што бык – твой.

«Яны забілі цішком, разлічваючы на тое, што заб’юць для сваіх патрэбаў. Яны ж добра ведалі, што гэта мой бык, ён у мяне быў адзін, я прыходзіў па яго сюды неаднаразова, і пры іх я забіраў гэтага быка», – абураецца фермер Віктар Карпенка.

Фермер звярнуўся ў міліцыю, пракуратуру раёну, Следчы камітэт. У выніку атрымаў 95 адпісак!

«16 разоў справу прыпынялі і ўзнаўлялі, ішла перапіска, і толькі дзякуючы ўмяшальніцтву пракурора вобласці, да якога я выпадкова трапіў на прыём, Віктара Марозава, ён змусіў пракурора раёну напісаць пазоў у суд», – распавядае Віктар Карпенка.

У Чачэрскім судзе прызналі, што Віктар Карпенка мае права на кампенсацыю, аднак Гомельскі абласны суд стаў на бок гаспадаркі, якая падала апеляцыю. У выніку маральную шкоду ацанілі толькі на 1 тысячу рублёў замест 10-ці, з чым мужчына катэгарычна не згодны. У «Вазнясенскім» жа даводзяць, што бык важыў не 550 кілаграмаў, як цвердзіць фермер, а толькі крыху больш за 300. Аднак пытанне ў іншым: як так сталася, што ў гаспадарцы, дзе ўсё быдла, здавалася б, мусіць быць пранумараванае, забілі чужую жывёліну?

«Калгасны бык таксама, бывае, бегае па загоне, у хлеў заходзіць. Бывае, тая бірка можа і загубіцца. Можа такое быць? Можа. Гэта раз. А па-другое, за ўсімі не ўгледзіш. Можа, то ягоны бык быў, а можа, не ягоны», – кажа аграном ААТ «Вазнясенск» Генадзь Кудравец.

Але прадстаўнік прадпрыемства пагаджаецца: калі бык сапраўды належаў мужчыну, яго варта вярнуць. Ці, як у гэтым выпадку, сплаціць кампенсацыю. Якую – гэтым разам мусіць пастанавіць Кармянскі раённы суд, дзе справу разглядаюць паўторна.

Віталь Бабін, belsat.eu