Тры дні залевы ў Магілёве: затопленыя вуліцы і дамы


Затопленыя вуліцы – перадусім праезныя часткі вуліцаў Сіманава, Фаціна ды Астроўскага, – наступствы залеваў у Магілёве цяжка не заўважыць. А вось праблема жыхароў дому 34 на вуліцы Маўчанскага – не навідавоку. Дажджавая вада трапляе ў будынак праз дах.

Маргарыта Зубовіч, жыхарка дому № 34 на вуліцы Маўчанскага:

«Ільецца ўсё, шпалеры зноў адышлі, ужо трэба рабіць рамонт. Падлога, шпалеры, я думаю, што да суседзяў таксама працякло, бо ўсё мокрае, анучы. Сумежная сцяна з аднапакаёўкаю – у іх таксама мокрая сцяна».

Затоплівае і лесвічную клетку. Учора лілося па прыступках вадаспадам. Яўгеній Шчамялёў, жыхар дому № 34 на вуліцы Маўчанскага:

«Цяпер дажджу няма, таму вада не сцякае. Засталіся толькі сляды. З тэхнічнага паверху і ліфтавая пляцоўка, усё заліта, льецца па сценах да пятага паверху».

Ад залеваў падчас дажджу жыхары шматпавярховіку пакутавалі і раней, аднак прынамсі часткова – у кватэрах – праблему развязалі. Дах залаталі руберойдам, але тое было чатыры гады таму. Цяпер жа ў тэлефоннай размове з прадстаўніцай ЖКГ жыхарам паведамілі, што гарантыйны тэрмін скончыўся. Чарговых працаў, імаверна, давядзецца пачакаць да наступнага года.

– Паглядзім, што можна зрабіць. На сёлета вас у плане няма.

– Слухайце, гэта ў мяне будзе кожны год цячы дах.

– Мы будзем глядзець, вельмі шмат заявак, мы не можам усюды паглядзець і зрабіць.

Латанне дзіраў – не развязанне праблемы, паказвае і досвед хоць бы 34-га дому на Дняпроўскім бульвары ў Магілёве, пра які мы распавядалі ў ліпені.

Уладзімір Навасяд, Эфектыўнае кіраванне будынкамі:

«З прычыны ашчаджэння фінансаў даводзіцца, што называецца, латаць дзіры, а не рабіць комплексных працаў, што могуць спыніць тыя ці іншыя віды недаробак або паслугаў, што неабходна было зрабіць у поўным аб’ёме. Вось і атрымліваецца, што сцены зрабілі – на крышу не хапіла, крышу зрабілі – не хапіла на сцены».

Што ж да капітальнага рамонту – па выніках абследавання адмысловых камісіяў графік для абʼектаў вызначаюць мясцовыя ўлады, а не камунальныя гаспадаркі. Аднак нават капрамонт не заўжды можа засцерагчы жытло ад праблемаў на доўгі час, лічыць Уладзімір Навасяд:

«Кампаніі, што прыходзяць на гэты рынак, на тыя ці іншыя віды працаў, у тэндарах факусуюць сваю ўвагу на кошт, а кошт, як правіла, не адпавядае сучасным матэрыялам і якасці працаў, бо камісіі, як правіла, арыентуюцца на кошт і, зыходзячы з эканоміі сродкаў, абіраюць тыя кампаніі, што прапаноўваюць паслугу за меншы кошт».

Толькі за два дні залеваў у Магілёве выпала месячная норма ападкаў, канстатуе Магілёўаблгідрамет. Дажджы прагназуюць і ў выходныя, штопраўда, не такія моцныя. Між тым візіту камунальнікаў жыхары дому 34 на вуліцы Маўчанскага дачакаюцца ў найлепшым выпадку не раней за панядзелак.

Юлія Лабанава, belsat.eu