Трохі пашантажаваць, трохі прыдушыць. Расея рыхтуе глебу да сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі


Роўна праз тыдзень Аляксандр Лукашэнка будзе зноўку абдымаць Уладзіміра Пуціна ў Сочы. І паедзе туды разам з камандай чыноўнікаў – працоўнай групай у справе глыбокай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Пра такое аб‘яднанне кажуць расейскія чыноўнікі і медыі, якія рыхтуюць глебу да сустрэчы – на расейскіх умовах. Навошта Лукашэнку называюць ненадзейным саюзнікам Масквы?

Серада 13-га лютага будзе днём сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна ў Сочы – паведаміў спачатку крамлёўскі прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў, а потым расейскі амбасадар Міхаіл Бабіч. Кіраўнікі дзяржаваў абмяркуюць праблемныя пытанні беларуска-расейскіх стасункаў. А пасля іхнай сустрэчы працоўныя групы ў пытаннях інтэграцыі будуць, паводле Бабіча, праводзіць інвентарызацыю статутаў Саюзнай дамовы, якой спаўняецца ўжо 20 гадоў.

«Задача працоўных групаў паглыблення інтэграцыі ў межах Саюзнай дзяржавы ў тым, каб саюзная дамова выконвалася ў прапісаным аб‘ёме, каб усе пытанні стварэння адзінай эканамічнай прасторы, грашова-крэдытнай палітыкі рэалізаваліся», – заявіў Бабіч журналістам.

Расейскі прэм’ер Дзмітрый Мядзведзеў раней ужо нагадваў, што Саюзная дамова – гэта яшчэ і агульная валюта, і агульная мытная прастора. У Менску будучую сустрэчу пацвердзілі не адразу, і словы пра глыбокую інтэграцыю ў прэс-рэлізе не прагучалі.

«Прапанова ажывіць Саюзную дзяржаву была высунутая Мясніковічам хіба не ў 2017-м годзе, калі Менску падавалася, што Масква занадта хуткімі тэмпамі зварочвае аплату транзітных і вайсковых паслуг, якія аказвае Беларусь», – нагадвае Валерыя Касцюгова, рэдактарка сайту экспертнай супольнасці «Наше Мнение».

Расейскія медыі былі менш стрыманымі, чымся чыноўнікі. Перад заявамі Бабіча партал «Лента.ру» апублікаваў артыкул «Лукашэнка стаміўся ад Расеі. Цяпер ён шукае новых сяброў у ЗША».

«Украінскі крызіс стаў для беларускага кіраўніцтва своеасаблівым тэстам на прыхільнасць саюзу з Расеяй, які яно праваліла», – піша аўтар артыкулу Максім Сямёнаў.

Апроч тэзісаў пра ненадзейнасць Лукашэнкі ў артыкуле пішуць, што Беларусь нібыта запрашае NATO правесці ў нас вайсковыя вучэнні, а таксама размясціць амерыканскіх адмыслоўцаў для кантролю за інтэрнэтам. З фармулёўкаю «паводле некаторых звестак».

«Лукашэнка хутчэй за ўсё чакае ад ЗША не столькі крэдытаў ды інвестыцыяў, колькі вайскова-дыпламатычнай супрацы… Для яго скрайне важна атрымаць саюзніка ў супрацьвагу Расеі, якая разглядаецца ў якасці пагрозы суверэнітэту Беларусі», – мяркуе Сямёнаў.

Як лічыць экспертка Валерыя Касцюгова, такія артыкулы разлічаныя і на ўнутраную расейскую аўдыторыю – падрыхтаваць народ да магчымага ахаладжэння стасункаў з Менскам, – і на ўлады Беларусі.

«Трохі пашантажаваць, трохі прыдушыць. Паказаць, што мы незадаволеныя, каб гэтая незадаволенасць прымусіла контрагента пасунуцца ў сваіх умовах», – тлумачыць экспертка.

Сам Лукашэнка на фоне эканамічных перамоваў з Пуціным не раз намякаў, што Расея пагражае незалежнасці Беларусі.

«За гэтыя 2 гады нас будуць вельмі моцна спрабаваць на зуб, ці вартыя мы той незалежнасці, пра якую заўжды і паўсюль кажам», – казаў Лукашэнка на адмысловай навагодняй імпрэзе ў сваім палацы.

Але гэта таксама для ўнутранай аўдыторыі: каб чарговыя выбары ў 2020-м годзе прайшлі з меншым супрацівам грамадзянскай супольнасці.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu