«Трэба быць смелымі і акуратнымі». Праваслаўныя адзначаюць Вербніцу


«Ніколі святыня не бывае пераносчыкам інфекцыі». Такую пазіцыю наконт наведвання царквы падчас пандэміі каронавіруса агучвае протаіерэй Беларускага экзархату Праваслаўнай Царквы Андрэй Лемяшонак. І гэта ў важны для праваслаўных святочны перыяд.

Сёння Вербная Нядзеля. Відэа, у якім святар фактычна адмаўляе небяспеку распаўсюду каронавіруса праз царкоўныя святыні, набрала 30 тысяч праглядаў. У каментарах – падзякі і згода з меркаваннем бацюшкі. Праўда, афіцыйная пазіцыя царквы гучыць па-іншаму.

«Меркаванне айца Андрэя супярэчыць таму, што думае наш Сінод, што думае Патрыярх, што думае большая частка ці амаль усе сябры Беларускай праваслаўнай царквы», – тлумачыць прэсавы сакратар БПЦ Сяргей Лепін.

Фотарэпартаж
Вялікдзень і Вербніца: як адзначылі святы вернікі ў Менску. Фотарэпартаж
2020.04.12 18:30

Афіцыйная пазіцыя царквы адносна святаў падчас эпідэміі каронавіруса сапраўды супярэчыць словам святара. «Праваслаўныя хрысціяне павінны служыць грамадству прыкладам здаровага сэнсу і сацыяльнай адказнасці. Менавіта таму Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы заклікае пастыраў і ўсіх верных сваіх дзяцей строга прытрымлівацца санітарных нормаў, рэкамендаваных Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь».

Але чаму святар, нягледзячы на гэта, сваімі словамі фактычна падвяргае небяспецы сваіх прыхаджанаў?

«Гэта ўсеагульная праблема, таму што ў нас у Царкве няма ніякай сістэмы кантролю за выкананнем усякіх пастановаў. Я думаю, што яму нічога не будзе, таму што ён мае за сабой і падтрымку, мае вялікае кола людзей», – кажа святар БПЦ Аляксандр Шрамко.

Не ўсе вернікі прыслухоўваюцца да парадаў заставацца ўдома. Калі яшчэ ўчора храмы пуставалі, то сёння яны запоўненыя людзьмі без нават элементарных сродкаў аховы – масак і пальчатак. Не баяцца пандэміі?

«Хачу вербачку асвяціць, таму што веру ў Госпада. Ён мне заўсёды дапамагаў і дапамагае: і са здароўем, і ў сям’і».

«Божая міласць веруючага чалавека ніколі не пакідае. Таму не трэба баяцца, трэба быць смелымі і акуратнымі».

«Таму што са мной Бог».

Больш за палову вернікаў складаюць людзі сталага ўзросту, і менавіта яны ў групе рызыкі захварэць на каронавірусную інфекцыю.

Hавiны
Папа Францішак заклікаў увесь свет аб’яднацца ў супрацьстаянні пандэміі
2020.04.12 18:56

«Пажылыя, па-першае, хварэюць вельмі цяжка, а калі такая сітуацыя здарыцца, што на бальнічным ложку апынецца 90 гадоў бабуля і апынецца 50-гадовы мужчына, то з большай верагоднасцю выберуць аддаць апарат ШВЛ 50-гадоваму мужчыну, які больш зможа ўнесці ўклад у эканоміку, чым бабуля», – лічыць эпідэміёлаг, кандыдат медычных навук Аліна Волчанка.

Толькі за гэтыя содні ў Беларусі на каронавірусную інфекцыю захварэлі 352 чалавекі, трое памерлі. Святкаванне Вербніцы было шматлюднае, нягледзячы на афіцыйную пазіцыю самой царквы і рэкамендацыі Міністэрства аховы здароўя вынесці набажэнствы на вуліцу і не цалаваць абразоў і крыжоў.

Алена Дубовік, Белсат