Травень замарозіў беларусаў. Калі чакаць пацяплення?

Зеляніну прыцерушыла снегам, а лёгкае адзенне змянілася цёплаю вопраткай і ботамі. З ранку жыхароў сталіцы ды іншых рэгіёнаў Беларусі напаткала зусім не вясновае надвор’е.

Краіну ахінуў паўночны парывісты вецер

Тэмпература паветра ўдзень склала ад +4 да +10 градусаў. А ў Віцебскай вобласці за апошнія 45 гадоў быў зафіксаваны новы начны тэмпературны рэкорд – мінус 4 з паловаю градуса.

Пры такім суворым надвор’і ў некаторых кватэрах планава адсутнічала гарачае забеспячэнне. Улады цягам дня скарэктавалі графік і вярнулі гарачую ваду. Аднак па ўсёй Беларусі дагэтуль адключанае ацяпленне ў жылым фондзе.

Грамадзяне саграюцца, як могуць.

За 70 гадоў снегапад у траўні беларусы назіралі ўсяго 3 разы – у 45-ым, 52-ім і 2007-ым гадах. Прычынаю сёлетняй анамаліі сіноптыкі называюць халодныя франты.

«Умовы надвор’я на тэрыторыі Беларусі будуць вызначаць атмасферныя франты, якія змяшчаюцца з поўдня Балтыйскага мора. Уначы ападкі, днём на большай частцы тэрыторыі рэспублікі кароткачасовыя ападкі (дождж, мокры снег). Уначы і зранку на поўначы слабы галалёд», – праінфармаваў Дзмітрый Рабаў з Рэспубліканскага цэнтру гідраметэаралогіі.

Няўстойлівае надвор’е захаваецца да канца тыдня. Мокры снег і галалёд чакаюцца і заўтра. Дождж пратрывае ў паўднёва-ўсходніх рэгіёнах Беларусі да суботы, у нядзелю атмасферны слупок падымецца да 18-ці градусаў.

Юлія Лабанава, «Белсат», фота: TUT.BY

Тэгі: надвор'е

Глядзі таксама