Трава ды бетон замест вадасховішча за 14 мільёнаў


Не, гэта не афрыканская савана і не Аральскае мора. Гэта Лоеўскі раён Гомельшчыны. У 60–70-ыя гады мясцовыя балоты асушылі. А пазней давялося гераічна перамагаць наваствораныя праблемы.

«У савецкія часы салдатня, будбат будаваў. Столькі грошай уклалі! Паглядзіце, усё наўкол культурна зробленае, заасфальтаванае!» – гаворыць рыбак Віктар.

У 1987-ым паміж вёскамі са знакавымі назвамі Рэкорд, Марс, а таксама Бушацін з’явілася Дняпроўска-Брагінскае вадасховішча. Вадаём наліўнога тыпу – ваду з Дняпра запампоўвалі на трыццаціметровае ўзвышша. Прараб на будаўніцтве вадасховішча ў 1987 г. Мікалай Курзоў распавядае:

«Кошт яго быў па тых грошах 14 з капейкамі мільёнаў. Арашэнне і рыбалоўства. Гэтак у праекце было».

Гэтак было. Вада са сховішча давала рыбакам вялікія ўловы, а земляробам, як самыя ўзгадваюць, багаты ўраджай. Але з цягам часу грошы на запампоўку вады выдаваць перасталі. У выніку сістэма прыйшла ў заняпад. Рыбак Сяргей кажа:

«Для ўсёй Гомельскай вобласці гэта быў вадаём. А на сённяшні дзень ад гэтага вадаёму засталіся адныя лужыны. Бо арандатарам даюць вадаём, арандатары рыбу адсюль забіраюць. Але ў адказ нічога не даюць».

Мясцовыя жыхары намагаліся ўратаваць вадасховішча ды напісалі ліст у Адміністрацыю прэзідэнта. Адтуль зварот перанакіравалі віцэ-прэмʼеру Міхаілу Русаму, той спусціў ліст сваім падначаленым, якія і выдалі адказ.

«Няхай вадасховішча высыхае. А потым мы нешта зробім, нейкую там сцежку здароўя», – расказвае Мікалай Анісавец, краязнаўца, ініцыятар звароту.

Але ці маюць рацыю актывісты? Захаванне экасістэмы, безумоўна, справа патрэбная. З іншага боку, гомельская зямля сумна вядомая сваім радыеактыўным забруджаннем, дык пра якое арашэнне сельскагаспадарчых земляў увогуле можна весці гаворку? Мы спрабавалі больш падрабязна даведацца пра пазіцыю чыноўнікаў. Тэлефон да першага намесніка старшыні Лоеўскага гарвыканкаму Сяргея Даўгалёва:

– Сяргей Мікалаевіч, добры дзень. Вас турбуе Вітаўт Сіўчык з тэлеканалу «Белсат». Хацеў бы ў Вас запытацца…

– У мяне людзі, давайце пазней.

– А калі?

– Ну, набярыце праз паўгадзіны.

Штопраўда, пазней на тэлефон так ніхто і не адказаў. І гэта ў працоўны час. А вось міліцыя нашых калегаў увагаю не абышла:

– Калі ласка, прычына прыпынку транспартавага сродку.

– Перавозка таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў.

Логіка міліцыянтаў наступная: журналісты былі ў сельскай мясцовасці, а, значыць, трэба было праверыць, ці не скралі яны сельскагаспадарчыя тавары.

– А свіней будзеце глядзець у трубе выхлапной?

– Не.

– Чаму? Мы ж маглі скрасці свінню.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu