«Трашчы не трашчы – ужо прайшлі вадахрышчы»


Праваслаўныя вернікі адзначаюць Вадохрышча, або Богаз’яўленне. Гэтае свята, як і Вялікдзень, лічыцца самым старажытным у хрысціянскай культуры. Вадохрышча звычайна супадала з самымі халоднымі днямі зімы, пасля якіх год паварочваўся на лета.

У 2020-ым не было нават лёду, сёння ж надворʼе спрыяе, але пандэмія змяніла планы вернікаў.

«Вадохрышча» ў грэцкай мове даслоўна азначае акунанне ў ваду. Як сведчыць Евангелле, у гэты дзень Ян Прадвеснік хрысціў у рацэ Іярдан 30-цігадовага Ісуса.

«Калі вы хочаце акунацца – калі ласка, калі вас гэта прыбліжае да Бога. Але памятайце пра Ісуса Хрыста. Ён не проста прыйшоў на Зямлю сказаць нейкія тры мудрыя фразы, ён прыйшоў на Зямлю, каб сказаць, што нас палюбіў. Таму што ён не хоча, каб мы паміралі. Ён хоча, каб мы жылі вечна», – заўважыў клірык царквы Свяціцеля Мікалая Цудатворца ў Горадні Павел Сяргееў.

Лічыцца, што ў ноч на Вадохрышча вада робіцца цудадзейнаю паўсюль: доўга не псуецца і дапамагае пры хваробах. Таму пасля літургіі вернікі ідуць да палонак, якія ў памяць пра біблейскія падзеі называюць іярданіяй. Зазвычай на возеры Юбілейным каля Горадні збіраюцца больш за тысячу ахвочых акунуцца, сёлета ж праз каронавірус прыйшлі каля сямісот асобаў.

«Як заўсёды, арганізаваныя цёплыя пераапраналкі для людзей, пункты гарачага харчавання. Сёння ёсць ячная каша з тушонкаю, за што дзякуй Загорскаму. Арганізаваная і ўзгодненая праца ратавальных службаў: ёсць МНС, хуткая дапамога, міліцыя», – адзначыў арганізатар вадохрашчанскага купання Ягор Воранаў.

Акунаюцца ў купель тры разы са словамі: «У імя Айца, і Сына, і Духа Святога». Вернікі лічаць, што такі абрад ачышчае душУ і набліжае іх да Бога:

«Такое знаете, как очищение. Просто очищение!»

«Я каждый год окунаюсь – с 2010 года»

«Первый раз приехал, сразу окунулся и все!»

«Бодрящее настроение – на месяц вперед! Всех с праздником – с Крещением Христовым! Всем здоровья крепкого!»

На Вадохрышча чарцей з вады выганяюць – казалі нашыя продкі і верылі ў прыкметы. Напрыклад, калі на Вадохрышча сцюдзёна, у жніво будзе вельмі горача, снег у гэты дзень абяцаў урадлівы год, грыбное лета, але чакалася чарвівая капуста. А хрышчоныя на Вадохрышча лічыліся самымі шчаслівымі людзьмі.

Каця Малей, «Белсат»