Аб'ектыў 12.12.2019 «Транспарту няма». Чаму скончыліся дазволы на праезд па Польшчы?


Беларускія грузаперавознікі ў бядзе – скончыліся адмысловыя дазволы на праезд па Польшчы. Праблема закранула паводле пэўных ацэнак да 600 кампаніяў, большасць з якіх – дробныя.

Дазволы на перавозкі патрэбныя ўласна для таго, каб перавознік меў магчымасць ездзіць па тэрыторыі іншае краіны. Сёлета польскія дазволы для беларускіх кампаніяў скончыліся ў самы гарачы сезон – перад Новым годам, калі стаўкі на перавозкі найбольш выгадныя.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Транспарту проста няма, знайсці яго немагчыма. Вядома, гэта моцна ўплывае на стасункі з нашымі кліентамі, сярод іншага. Мы не можам часам забяспечыць транспартам нашых сталых кліентаў», – наракае Юрась Валёнак, дырэктар кампаніі PrimeLogistics.

На атрыманне дазволу ўплываюць тры асноўныя фактары: колькасць атрыманых раней такіх дакументаў, угандляванае і колькасць транспарту. Таму болей квотаў атрымаюць буйныя перавознікі. Прадстаўнік найбуйнейшай кампаніі ў Беларусі, якая займаецца міжнароднымі перавозкамі, натуральна, не супраць.

«Мы ставімся станоўча, бо ў сітуацыі, што склалася, калі цягам усяго года абмяжоўвалася выдача польскіх дазволаў і апошняе рашэнне было аб выдачы раз на 15 дзён, гэта панізіла эфектыўнасць нашай працы», – гаворыць Павел Бажанаў, намеснік дырэктара кампаніі «Джэнці».

У сваю чаргу Юрась Валёнак таксама не спяшаецца падымаць паніку. Паводле бізнесоўца, стаўкі фрахтаў – коштаў перавозак – мусяць падаражэць, што будзе выгадна для перавознікаў.

«Гэта мусіць крышачку прыўзняць рынак, прыўзняць стаўкі фрахтаў. Бо апошнія гады рынак прасеў вельмі моцна, стаўкі фрахтаў ненатуральна нізкія. Я ўжо маўчу, што было гадоў 8–10 таму. Яны былі ўдвая вышэйшыя», – адзначае ён.

Недахоп з польскімі дазволамі ўпершыню ўзнік яшчэ пры канцы 2017 года. З падобнаю сітуацыяй сутыкаюцца таксама ўкраінскія і расейскія кампаніі. У Беларускай асацыяцыі міжнародных аўтамабільных перавознікаў, якая займаецца развіццём аўтамабільных перавозак у Беларусі ды абаронаю правоў перавознікаў, нам паведамілі, што цяпер не стае каля 30 тысячаў дазволаў на адзін год працы.

«Двухбаковыя перавозкі і перавозкі транзітам – гэта дастаткова вялікі аб’ём працаў, якія выконваюць перавознікі. І рашэнні аб размеркаванні закранаюць вялікую колькасць перавознікаў, якія працуюць у Беларусі», – кажа Наталля Высоцкая, намесніца дырэктара БАМАП.

Наталля Высоцкая падкрэслівае, што беларускія кампаніі сутыкнуліся з недахопам не толькі польскіх, але і чэшскіх, і вугорскіх дазволаў. Але Польшча як транзітавая краіна мае вялікае значэнне для беларускіх перавознікаў. Развязаць канфлікт могуць толькі польскія і беларускія транспартавыя ведамствы. Але атрымаць аператыўны каментар у польскага Міністэрства інфраструктуры і беларускага Міністэрства транспарту і камунікацыяў нам не ўдалося.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары