Транспарт, які змяняе гарады


Сучасныя тэхналогіі прыносяць кардынальныя змены ў нашае жыццё ды гарады, у якіх мы жывем: жыхары еўрапейскіх гарадоў не паспяваюць прызвычаіцца да аднаго новаўвядзення, калі на рынак выходзіць ужо наступнае.

Жыхары Варшавы прызвычаіліся, што зусім не абавязкова мець уласны ровар, каб ездзіць ім на працу, або катацца ў парку на выходных. Усё гэта дае сэрвіс пад назвай «Ветурыла». Тут больш за 300 месцаў, дзе можна ўзяць ровар і 5000 двухколавых машынаў. Кошт – 50 беларускіх капеек за першую гадзіну карыстання.

Карыстальнікі «Ветурыла» кажуць:

«Карыстаюся сэрвісам практычна штодня. Калі маеш такую працу перад кампутарам як я, трэба дадаць крыху спорту. І не трэба мець свой ровар»

«Карыстаюся бо вельмі люблю ездзіць як сёння на свежым паветры, на сонцы».

«Добрае рашэнне пытання чым перамяшчацца падчас цёплай пары году, карыстаюся штодня».

Сёлета ж у Варшаву прыйшлі адразу 2 фірмы, якія даюць магчымасць узяць напракат экалагічныя электрычныя скутэры. Дастаткова спампаваць на мабільны тэлефон адпаведную праграму, простая рэгістрацыя, адсылаем фотаздымак дакументаў, кладзем на рахунак эквівалент 15-ці рублёў на старт і шукаем бліжэйшы да нас двухколавік.

«Сэнс такіх сэрвісаў, каб людзі часцей карысталіся роварамі, скутэрамі, каршэрынгам, але не ўласнымі аўтамабілямі. З сучаснымі тэхналогіямі гэта атрымліваецца і танней і цікавей», – кажа Антон Раднянкоў, анлайн часопіс IDEABY.ORG.

Пасля таго, як вы перамясціліся ў пажаданае месца, проста пакіньце скутэр на любой вуліцы ці паркоўцы, ды зазначце ў тэлефоне, што скончылі ім карыстацца, цяпер яго можа ўзяць наступная асоба. Хвіліна паездкі каштуе 35 капеек, а грошы спішуцца аўтаматычна. Для тых, хто ездзіць шмат – вялікія зніжкі.

А што рабіць, калі па горадзе вы перамяшчаецеся ў кампаніі сябра? Або прыехалі ў сталіцу на некалькі гадзінаў, каб правесці дзве-тры сустрэчы і закупіцца ў мясцовых крамах? Чакаць кожны раз таксоўку – доўга, а ў скутэры замала месца. Ёсць выхад і з гэтае сітуацыі.

Сэрвіс, які прынята называць каршэрынгам, працуе па аналогіі са скутэрамі праз праграму на мабільніку. Выбіраеце бліжэйшую да вас машыну – адну з 250-ці, якія зʼявіліся днямі ў Варшаве. Ключ унутры. Аўтамабіль адчыніцца аўтаматычна, пасля таго як вы зробіце здымак коду на дзвярах сваім тэлефонам. Карыстацца могуць як мясцовыя, гэтак і турысты замежнікі. Хвіліна карыстання – 25 капеек, плюс за кожны распачаты кіламетр яшчэ 40 капеек. Гэта таней чым таксі ці нават «Убэр». Варшава ўжо ездзіць, а што з Менскам?

З 1 ліпеня сэрвіс каршэрынгу будзе і ў Менску. Што праўда будзе ўсяго 25 машынаў і гэта нічога не зменіць, але важна паглядзець ці яны будуць мець поспех.

Але для дасягнення поспеху ёсць адна сурʼёзная перашкода, якую ўмоўна можна раздзяліць на дзве. Першая гэта той факт, што ў адрозненні ад большасці еўрапейскіх гарадоў Менск яшчэ не сутыкнуўся з пытаннем коркаў. Зараз на 1000 жыхароў беларускае сталіцы прыходзіцца 370 аўтамабіляў, эксперты называюць праблемнай лічбу ў 400-та. Другая больш празаічная – дабрабыт беларусаў. Большасць проста не можа сабе дазволіць ездзіць на працу ўласным аўто. У Менску такіх толькі чвэрць, у той час, як у Еўразвязе каля паловы.

 

Ігар Кулей, belsat.eu; фота – veturilo.waw.pl