Трамп выступіць з заявай пра сцяну з Мексікай


Не працуюць дэпартаменты, чыноўнікі не атрымліваюць заробку. У Злучаных Штатах Амерыкі працягваецца суцэльны палітычны крызіс. Сваю пазіцыю аб «шатдаўне» – частковым прыпыненні працы федэральнага ўраду, выкліканым спрэчкаю пра сцяну на мяжы з Мексікаю, – выкажа сёння амерыканскі прэзідэнт. А 15-й гадзіне паводле мясцовага часу – і аб 11-й вечара паводле беларускага – Доналд Трамп абяцае зрабіць адмысловую заяву.

Пасля 28 дзён нефункцыянавання ўраду, гэтак званага шатдаўну, прэзідэнт Злучаных Штатаў працягвае пераконваць амерыканцаў, што пабудаваць сцяну на мяжы з Мексікаю – неабходна.

«Усе ведаюць, што на нашай паўднёвай мяжы – гуманітарны крызіс, а таксама крызіс нацыянальнай бяспекі. Гэта адбываецца цягам шматлікіх гадоў і дзесяцігоддзяў, але з часам сітуацыя пагаршаецца, бо многія людзі хочуць прыехаць у нашу краіну. Але мы не хочам гэтак шмат імігрантаў. Сярод іх – злачынцы, гандляры людзьмі, тыя, хто займаецца кантрабандаю наркотыкаў. Мы не хочам іх у нашай краіне. Шмат хто з дэмакратаў згаджаецца са мною, яны мне пра гэта сказалі», – заявіў Доналд Трамп.

Сёння а трэцяй гадзіне дня паводле Вашынгтону Трамп абяцае зрабіць істотную заяву аб набалелых пытаннях.

«Я не збіраюся апярэджваць заявы прэзідэнта, але магу запэўніць вас, што ён будзе працягваць змаганне за бяспеку межаў, будзе працягваць шукаць рашэнне, якое пакладзе канец гуманітарнаму крызісу і крызісу нацыянальнай бяспекі», – распавяла прэсавая сакратарка Белага дому Сэра Сэндэрз.

Кангрэсмены-дэмакраты не пагаджаюцца вылучыць амаль шэсць мільярдаў долараў на праект прэзідэнта. Праз гэты канфлікт у снежні не прынялі папярэдняга бюджэту, і ў выніку ўрад часткова прыпыніў працу. Каля 800 тыcячаў федэральных чыноўнікаў адправілі ў адпачынак.

Эфекты шатдаўну робяцца ўсё больш сур’ёзнымі.

«Чым даўжэй гэта працягваецца, тым больш мы пабачым складанасцяў. Федэральны ўрад уплывае на жыццё людзей», – кажа палітычны аглядальнік Эстэр Мансан.

Заробак не атрымліваюць амерыканскія дыпламаты, чыноўнікі ды федэральныя службоўцы. Па ўсёй краіне для іх ствараюцца бясплатныя сталоўкі ды харчовыя банкі.

«Я думаю, што асабісты гонар не дазваляе людзям ісці ў банк ежы. І гэта адна з праблемаў», – кажа працаўнік паштовай службы ЗША Энтані.

Сродкаў на бягучую дзейнасць не атрымліваюць Дзяржаўны дэпартамент ЗША, дэпартаменты сельскай гаспадаркі, нацыянальнай бяспекі, транспарту ды юстыцыі. Цяперашні шатдаўн – самы працяглы ў гісторыі ЗША.

Ганна Мордань/«Белсат»; фота – Carlos Barria/Reuters/Forum