Трамп ушчэнт рассварыўся з журналістамі


Збіраўся пагаварыць пра новага міністра працы, а ў выніку больш за гадзіну сварыўся з журналістамі. Доналд Трамп правёў прэсавую канферэнцыю, якую ў медыях назвалі самай дзіўнай размовай Белага дому з прадстаўнікамі СМІ. Некаторыя з журналістаў акрэслілі сустрэчу як «альтэрнатыўную рэальнасць прэзідэнта».

Афіцыйнаю нагодаю, каб сабраць журналістаў, амерыканскі прэзідэнт назваў кадравыя прызначэнні ў Міністэрстве працы. Але размова ў выніку перайшла на зусім іншыя тэмы.

Трамп размаўляў з медыямі ў сваім фірмовым стылі

Прэзідэнт не сыходзіў са сцежкі халоднае вайны, якую ягоная адміністрацыя абвесціла прадстаўнікам буйных медыякарпарацыяў. Трамп перабіваў журналістаў, крытыкаваў выданні, якія рэпрэзентоўвалі некаторыя прысутныя, ды вінаваціў медыі агулам, маўляў, тыя скажаюць інфармацыю.

«Заўтра вы напішаце ў прэсе: Доналд Трамп балабоніць і трызніць. А я вам скажу, я не балабоню. Я вам проста кажу. Але вы ўсе несумленныя людзі. І хоць я не трызню і не балабоню, я добра баўлю час, калі размаўляю, загалоўкі ўсё адно будуць: «Доналд Трамп трызніў і балабоніў», – заявіў новаабраны прэзідэнт.

Вінаватыя ўсе, толькі не Трамп

Менавіта прэса аказалася вінаватая і ў тым, што гаспадар Авальнага кабінету не можа наладзіць адносінаў з расейскім калегам – Уладзімірам Пуціным. Да няўдачы ў пытанні антыімігранцкага закону Трампа спрычыніліся амерыканскія суды, якія прымаюць дрэнныя рашэнні.

Дзеянне загаду, падпісанага Трампам у студзені, які на 90 дзён забараняў уезд у краіну грамадзянам сямі мусульманскіх краінаў, у лютым спыніў федэральны суддзя з Сіетлу. Падчас прэс-канферэнцыі прэзідэнт ЗША паабяцаў, што на наступным тыдні падпіша новы аналагічны загад каб, цытата, «абараніць наш народ». Апеляцыйны суд краіны ў сувязі з гэтаю заявай адмяніў абмеркаванне папярэдняга загаду Трампа, а Міністэрства юстыцыі анулявала адпаведную апеляцыю.

Незадаволенасць 45-м прэзідэнтам расце

У гэты ж час па краіне зачыняюцца рэстараны ды іншыя бізнес-пляцоўкі.Актывісты, якія дамагаюцца поўнай адмены закону, заклікаюць імігрантаў не выходзіць на працу ды не набываць нічога ў крамах.

Паводле апытанняў, пасля чатырох тыдняў на пасадзе прэзідэнта ЗША дзейнасць Доналда Трампа не падтрымліваюць 56 % амерыканцаў. Гэта рэкордны паказнік. Незадаволенасць з працы Барака Оўбамы ніколі не перавышала 39 % а Джордж Буш – малодшы меў аналагічны антырэйтынг толькі падчас фінансавага крызісу 2008 года.

Ігар Кулей, «Белсат», фота: Kevin Lamarque / Reuters / Forum