Трамп у Кітаі: дамовіцца з Пекінам, спыніць Паўночную Карэю


Нязначнае змякчэнне рыторыкі. Замест пагрозы абрынуць на КНДР «агонь і лютасць» Доналд Трамп прапаноўвае сесці за стол перамоваў. Аднак у персанальным пасланні паўночнакарэйскаму лідару ўсё гэтак жа лёгка пачуць перасцярогу.

«Не недаацэньвайце нас. І не выпрабоўвайце нас. Мы будзем абараняць нашую агульную бяспеку… Паблізу гэтага паўвострава размешчаныя тры найбуйнейшыя авіяносцы ў свеце, загружаныя да максімуму цудоўнымі знішчальнікамі F-35 і F-18. Таксама ў нас ёсць атамныя падлодкі, размешчаныя належным чынам», – зазначыў Трамп.

Пабудаваць мір праз сілу

Прамовай у парламенце, у якой прагучаў намер «пабудаваць мір праз сілу», прэзідэнт ЗША завяршыў двухдзённы візіт у Паўднёвую Карэю.

Карэя сустрэла, і праводзіла кіраўніка адной з самых магутных краінаў свету пратэстамі.

Ай-яй-яй, прыехаў ён у Кітай

Першы дзяржаўны візіт у Паднябесную разам з жонкай і ў суправаджэнні прэзідэнцкай пары Доналд Трамп распачаў наведваннем Забароненага гораду і праглядам там оперы.

Галоўныя ж тэмы афіцыйнай часткі сустрэчы двух лідараў – эканамічная супраца і ўтаймаванне ядравых амбіцыяў Паўночнай Карэі.

Акурат дачыненні Пхеньяну з Пекінам станавіліся прычынай неаднаразовай крытыкі Кітаю, які лічыцца асноўным гандлёвым партнёрам КНДР. Напярэдадні камітэт Сенату ЗША прыняў законапраект аб увядзенні санкцыяў супраць кітайскіх банкаў, якія парушаюць рашэнне Рады бяспекі ААН аб узмацненні абмежаванняў у дачыненні Паўночнай Карэі.

У межах візіту кітайскія і амерыканскія кампаніі падпісалі пагадненні на $ 9 млн. Што ж да палітычнага аспекту візіту – усё можа пайсці не так гладка. Не выключана, што Сі Цзінь Пін, у руках якога сканцэнтраваная ўся ўлада ўнутры краіны, не забыўся на рэзкія перадвыбарчыя прамовы Трампа аб згвалтаванні Кітаем эканомікі ЗША.

Лола Бурыева, «Белсат», фота: Jonathan Ernst / Reuters / Forum