Станоўчы трэнд пасля халоднай вайны: Трамп намінаваў амбасадара ЗША ў Беларусі

Станоўчы трэнд пасля халоднай вайны: Трамп намінаваў амбасадара ЗША ў Беларусі

Прэзідэнт ЗША Доналд Трамп скіраваў у Сенат на зацвярджэнне кандыдатуру амбасадара ў Беларусі. Узначаліць амерыканскую амбасаду ў Менску мае Джулі Фішэр.

«Варта адзначыць, што і цяпер Фішэр займае даволі высокую пасаду ў дзяржаўнай амерыканскай іерархіі. І тое, што такога статуснага чалавека прызначаюць у Менск, сведчыць, што Вашынгтон гэтаму кірунку надае дастаткова важнае значэнне», – кажа палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Джулі Фішэр – намесніца памочніка дзяржсакратара ў пытаннях Заходняй Еўропы і Еўрапейскага Звязу. Працавала дыпламатка таксама ў амбасадах ЗША ў Тбілісі, Кіеве і Маскве.

«Я не думаю, што з прызначэннем амбасадара адбудзецца нейкі прарыў. Тут галоўнае – падтрыманне тэндэнцыі. Вельмі важна для афіцыйнага Менску тое, што пасля доўгага перыяду фактычна халоднай вайны пайшоў станоўчы трэнд, і ёсць магчымасць развіваць дачыненні і эканамічныя, і палітычныя, і ў сферы бяспекі», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі.

12 гадоў амерыканская дыпламатычная місія працуе ў скарочаным складзе. Амбасадара Беларусь выслала ў 2008 годзе, пасля таго як Вашынгтон наклаў на Менск санкцыі за парушэнні правоў чалавека, а беларускі бок абвінаваціў ЗША ва ўмяшанні ў выбары 2006 года.

Вярнуць амбасадараў краіны канчаткова дамовіліся летась у верасні. Хуткае прызначэнне пасла пацвердзіў дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа падчас візіту ў Менск на пачатку лютага:

«Бліжэйшым часам мы прызначым амбасадара, ён будзе тут. І вы ўбачыце ўсе намаганні, добрую волю на палітычным, дыпламатычным ды іншых узроўнях».

Дакладная дата прыбыцця новага амбасадара ў Беларусь пакуль невядомая, як і тое, каго Менск адправіць у Вашынгтон.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: TOM BRENNER / Reuters / Forum

Глядзі таксама