Трамп незадаволены супрацай Нямеччыны з Расеяй


Скончыўся саміт НАТО. Двухдзённыя перамовы не абышліся без разладу. Доналд Трамп раскрытыкаваў краіны Еўразвязу за малыя выдаткі на абарону, а Нямеччыну – за падтрымку будаўніцтва расейскага газаправоду. Тым не менш краіны прыйшлі да пагаднення і прынялі сумесную дэкларацыю.

Другі дзень саміту распачаўся абмеркаваннем пытанняў пра падаўжэнне вайсковай місіі ў Афганістане і аб прэтэндэнтах на ўступленне ў НАТО – Украіне ды Грузіі. Апошняя з краінаў паводле афіцыйных заяваў пакуль мае больш рэальных перспектываў прыяднацца да альянсу. А ўжо цяпер афіцыйнае запрашэнне на ўступленне атрымала Македонія. Далучыцца да НАТО краіна з новаю назваю – Паўночная Македонія, вызначанай па дамоўленасці з Грэцыяй.

«Мы горача вітаем гістарычнае пагадненне паміж Афінамі і Скоп’е, падпісанае месяц таму. Сёння мы дамовіліся запрасіць урад Скопʼе, каб пачаць перамовы пра далучэнне. Пасля таго, як усе нацыянальныя працэдуры будуць завершаныя, краіна ўступіць у НАТО ў якасці нашага 30-га сябра», – кажа генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг.

Гучныя выказванні Доналда Трампа наконт недастатковага фінансавання альянсу – маўляў, у той час, як ЗША выдаткоўвае ажно 4 адсоткі ВУП, шмат якія іншыя чальцы не сплочваюць і паловы, – не засталіся папросту выказваннямі. На сустрэчы за зачыненымі дзвярыма еўрапейскія краіны ў выніку пагадзіліся пайсці на ўльтыматум – павялічыць выдаткі на абарону да двух адсоткаў ад сваіх ВУП, каб не згубіць падтрымання Вашынгтону.

«Усе хаўруснікі пачулі пасланне прэзідэнта Трампа выразна і ясна. Мы разумеем, што амерыканскі прэзідэнт вельмі сурʼёзна ставіцца да выдаткаў на абарону, і гэта мае відавочнае ўплыў», – адзначыў Стольтэнбэрг.

Незадаволенасць выклікаў і дазвол Нямеччыны на будоўлю расейскага газаправоду «Паўночная плынь – 2».

«Нямеччына цалкам кантралюецца Расеяй. 60 або 70 адсоткаў сваёй энергіі немцы атрымліваюць з Расеі ды новага газаправоду. Вы кажаце мне, што гэта нармальна, а я мяркую, што гэта вельмі дрэнная рэч для НАТО, і не думаю, што так мае быць», – лічыць прэзідэнт ЗША Доналд Трамп.

Тым не менш гэтым разам 29 сябраў НАТО падпісалі супольную дэкларацыю, у якой асудзілі анексію Крыму Расеяй, і падкрэслілі, што ніколі не прызнаюць Крым расейскім. Да таго ж удзельнікі саміту пастанавілі пашырыць штат і баявую гатовасць войскаў. Галоўную асцярогу па-ранейшаму выклікае тая ж Расея.

«Шмат якія краіны NATO зразумелі, што палітыка залагоджвання Расеі не дае ніякага выніку і што варта звяртаць увагу на рэальныя дзеянні Расеі ды таксама на жаданне іншых краінаў знайсці абарону ад агрэсіўнай ваяўнічай палітыкі Расеі», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

Пад чарговую крытыку падпала ўжыванне хімічнай зброі на тэрыторыі Вялікай Брытаніі, увядзенне войскаў у Грузію і Малдову, а таксама падтрыманне расейцамі сепаратыстаў на Данбасе. Некаторыя з пытанняў ужо ў хуткім часе Доналд Трамп плануе абмеркаваць з Уладзімірам Пуціным падчас сустрэчы ў Хельсінкі.

Юлія Лабанава, «Белсат». Фота: REUTERS / Reinhard Krause / FORUM