Аб'ектыў 02.11.2017 Трамп хоча смерці тэрарысту, адказнаму за тэракт у Нью-Ёрку


Сайфула Саіпаў знайшоў жыццё без каранёў – і звярнуўся да радыкалізму. 7 гадоў таму ён з’ехаў з роднага Узбекістану ў ЗША, няспынна пераязджаючы з жонкай і дзецьмі з штату ў штат, і з таго часу больш ніколі не бачыў роднага Ташкенту. Журналісты «Нью-Ёрк Таймз» апублікавалі расследаванне пра 29-гадовага тэрарыста, які ўдзень 31-га кастрычніка на арандаваным пікапе на вялікай хуткасці выехаў на роварную дарожку ў Ніжнім Мангэтане і пачаў душыць людзей.

«Ён не быў падобны на экстрэміста. Саіпаву падабалася моднае адзенне, а такой ганарыстасці не ўхваляюць у кансерватыўных ісламскіх колах. Ён нястрымна лаяўся. Ён рэгулярна пазніўся на пятнічную малітву ў Ісламскім таварыстве і меў самыя элементарныя веды Карану», – піша газета.

Суседзі і сябры: ён меў выбуховы характар

Аднак Саіпаў ніколі не казаў адкрыта пра гвалт. Сваёй працай дальнабойніка і кіроўцам «Убэру» мужчына быў не задаволены. Прыкладна за год да атакі на Мангэтане Саіпаў стаў цікавіцца радыкальным ісламізмам.

«Падчас допыту Саіпаў прызнаўся, што натхненнем для яго паслужылі відэаролікі «Ісламскай дзяржавы» са сцэнамі гвалту. Саму атаку ён планаваў два месяцы. Ён таксама распавёў, што арандаваў грузавік загадзя, каб папрактыкавацца ў паваротах, якія ён здзяйсняў ужо непасрэдна падчас нападу ў Гэлаўін», – зазначыў пракурор Джун Кім.

Абраў Гэлаўін для нападу, бо на вуліцах было шмат людзей

Забіць як мага больш было ягонай галоўнай мэтай. Федэральная пракуратура ў Нью-Ёрку прадʼявіла яму абвінавачанні ў забойстве 8-мі чалавек і ў аказанні матэрыяльнай падтрымкі тэрарыстычнай арганізацыі. Згодна з амерыканскімі законамі, яму пагражае смяротнае пакаранне ці пажыццёвае зняволенне.

«Выглядае, што ён амаль дакладна выконваў інструкцыі для падрыхтоўкі ды правядзення падобных нападаў, якія «Ісламская дзяржава» размяшчала ў сацыяльных сетках. На месцы здарэння следства выявіла запісы на арабскай мове, сутнасць якіх у тым, што «Ісламская дзяржава» «будзе вечна», – зазначыў намеснік камісара паліцыі Нью-Ёрку Джон Мілер.

За пакаранне смерцю выказаўся Трамп

Прэзідэнт ЗША напярэдадні паабяцаў адмяніць для замежнікаў латарэю «Грын-кард» – паводле адной з версіяў, менавіта пры дапамозе латарэі Саіпаў і атрымаў магчымасць легальна трапіць у Амерыку.

«Нью-ёркскі тэрарыст радасна папрасіў вывесіць сцяг «Ісламскай дзяржавы» ў сваёй бальнічнай палаце. Ён забіў восем чалавек, яшчэ дванаццаць цяжка параніў. Такое злачынства заслугоўвае смяротнага пакарання!», – зазначыў Доналд Трамп.

Рэакцыя Узбекістану

Прэзідэнт Узбекістану Шаўкат Мірзіёеў паабяцаў амерыканскаму лідару прыкласці максімальныя намаганні для поўнага расследавання справы Сайфула Саіпава. Аднак нью-ёркскі тэрарыст – далёка не першы выхадзец з гэтай мусульманскай краіны, якія раней ужо былі замяшаныя ў тэрактах за мяжой. Напрыклад, Абдулкадыр Машарыпаў, які расстраляў у навагоднюю ноч у стамбульскім начным клубе 39 чалавек, таксама ўзбекскі грамадзянін.

Выданне «Ле Монд» адзначае, што апошні тэракт у Нью-Ёрку якраз і стаў вынікам правальнай рэлігійнай палітыкі ўладаў Узбекістану, калі моладзь не бачыць перспектываў на радзіме і ўсё часцей кідаецца ў абдымкі радыкалаў на Захадзе.

Віталь Бабін, «Белсат», фота: Jason Lock / Mercury Press / Caters News Agency / Forum

Глядзі таксама
Каментары