Трагедыя ў Стоўбцах. Школьнікі прайшлі «Злачынства і пакаранне» Дастаеўскага – герой раману таксама здзейсніў падвойнае забойства


«Белсат» высвятляе новыя падрабязнасці трагедыі ў Стоўбцах, дзе старшакласнік забіў нажом настаўніцу і школьніка і параніў яшчэ дзве асобы. Падазраваны ў забойстве адмаўляецца даваць паказанні, следчыя працуюць з пацярпелымі і з відэа камераў назірання.

Пасля трагедыі ў стаўбцоўскай сярэдняй школе нумар два навучальныя заняткі былі адноўленыя ўжо на наступны дзень. Аднак галоўнае пытанне ўсё ж больш складанае: як увогуле аднаўляць атмасферу даверу і супрацы ў такіх сітуацыях? Цяпер следчыя высвятляюць матывы злачынства. Адмыслоўцы выказваюць розныя версіі: ад уплыву дэструктыўнай секты да канфлікту з настаўніцаю. Паводле інфармацыі следства, падазраваны адмаўляецца даваць паказанні. А пры вобшуку ў яго знайшлі дымавыя шашкі, петарды і малаток.

«Ды ніякага канфлікту быць не магло! Яна выдатны чалавек, ад Бога. Добры чалавек, добры спецыяліст. Яна ўвогуле не мусіла тады працаваць – выйшла не ў сваю змену! Быў бы нехта іншы на гэтым месцы», – кажа сваячка загінулай настаўніцы.

Улады ўжо паабяцалі кампенсацыю: 10200 рублёў семʼям загінулых і 5100 рублёў семʼям пацярпелых. У той жа час грамадскія актывісты зарганізавалі збор сродкаў. Андрэй Стрыжак, праваабаронца, Гомель:

«На што будуць выдаткаваныя сродкі – будзе вырашаць кожная сямʼя. У нас цяпер усталяваны кантакт з імі, яны адчыняюць адмысловыя дабрачынныя рахункі, на якія будуць пераведзеныя тыя грошы, якія мы збяром, у роўных ступенях. Будуць яны падзеленыя на чатыры сям’і і пераведзеныя людзям. Цяпер сабралі больш за тысячу долараў».

Не засталася падзея і без увагі найвышэйшага кіраўніцтва краіны. Аляксандр Лукашэнка назваў сітуацыю ў школах бардаком і загадаў звярнуць увагу на месцы згуртавання дзяцей:

«Трэба на ўсю катушку спытаць у першую чаргу са старшыні гарвыканкаму. Гэта ягоная школа там! На ўсю катушку прытым. І з міністра адукацыі – чаму не навялі парадку ў школе. Школа – святое месца. Як у царкву трэба ісці ў школу. А ў нас што робіцца ў школах? Сорамна нават публічна казаць».

А ці падтрымліваюць захады такога кшталту беспасярэдне жыхары Стоўбцаў? І каго яны бачаць вінаватым?

«Не, мы думаем, што не. Яны ж пры чым?»

«Безумоўна, не іхная віна. Віна бацькоў».

«Адкуль дырэктар магла гэта ведаць? Ці старшыня гарвыканкаму? Гэта глупства, канечне».

«Гэтыя людзі невінаватыя. Выхаваннем трэба займацца, але не так хутка».

«Я б сказаў, Лукашэнку трэба звольніць! Прычым тут яны?»

Ёсць меркаванне, што на трагедыю магла паўплываць і масавая культура. Адмыслоўцы сцвярджаюць, дзесяцікласнікі толькі скончылі вывучаць раман Дастаеўскага «Злачынства і пакаранне» – даволі стрэсавы твор для непадрыхтаванага чытача. Вельмі сумнае супадзенне: галоўны герой раману таксама здзейсніў падвойнае забойства.

Жалезная дысцыпліна, навесці парадак, жорстка кантраляваць – менавіта такія выразы найчасцей гучаць з вуснаў прадстаўнікоў улады розных узроўняў у сувязі з трагедыяй у Стоўбцах. Але гэта толькі тэорыя. Як гэты ўрок будзе засвойвацца на практыцы?

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu