Трагедыя ў «Шарамецьева»: 41 асоба загінула, у тым ліку двое дзяцей


Гэта сумны вынік учорашняе катастрофы «СуперДжэта» у маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева». Прычыны аварыі толькі пачынаюць высвятляць, а следчыя вывучаюць звесткі з бартавых самапісцаў. Але адмыслоўцы, абапіраючыся на відэа з сеціва, паспелі звярнуць увагу на важныя дэталі пры заходзе на пасадку самалёта.

Гэта меў быць звычайны рэйс «Аэрафлоту» з Масквы да Мурманску. Аднак пасля дваццаці васьмі хвілінаў палёту самалёт Sukhoi Super Jet 100 ў экстранным парадку вярнуўся ў аэрапорт «Шарамецьева».

На відэа бачна, як самалёт спачатку адскоквае ад узлётна-прызямляльнай паласы, пасля чаго, удараючыся аб зямлю, загараецца.

«Уражанні, калі ты бачыш самалёт, які толькі што сеў, у чорных клубах дыму, – гэта незабыўна», – кажа Вольга Кірушкіна, відавочца катастрофы.

Следчы камітэт афіцыйна ідэнтыфікаваў і падлічыў колькасць ахвяраў. Прадстаўніца СК Расеі Алена Маркоўская:

«З 78 чалавек, якія знаходзіліся на борце самалёту, 37 выжыла. З іх – 33 пасажыры і 4 чальцы экіпажу».

Агулам загінуў 41 чалавек, сярод іх – 22-гадовы бортправаднік Максім Маісееў. Хлопец памёр ад удушэння газам, спрабуючы ўратаваць іншых. Шасцёра чалавек трапілі ў шпіталь.

«Найбольш цяжка пацярпелыя маюць абпальванні полымем, недзе прыблізна 15–18 адсоткаў», – паведаміла журналістам міністр аховы здароўя Расеі Вераніка Скварцова.

«Адна пацыентка – у цяжкім стане, на штучнай вентыляцыі. Трое пацыентаў – у стане сярэдняе цяжкасці», – распавёў дырэктар маскоўскага Цэнтру хірургіі імя Вішнеўскага Аміран Рэвішвілі.

Следчы камітэт Расеі разглядае некалькі версіяў катастрофы. Першая – чалавечы фактар, некампетэнтнасць пілотаў, дыспетчараў і тэхперсаналу. Гавораць і пра няспраўнасць летака ды пра неспрыяльнае надвор’е.

Незалежны эксперт з расейскага фонду «Сколкава», кандыдат тэхнічных навук Вадзім Лукашэвіч мяркуе, што з сітуацыяй не справіліся працаўнікі лётнішча – не запенілі паласы для аварыйнае пасадкі і не правялі належнае эвакуацыі:

«Аэрафлот» ужо адрапартаваў, што за 55 секундаў яны правялі эвакуацыю салону. Трызненне сівой кабылы! Таму што нарматыў 90 секундаў – гэта на ўвесь салон, на ўсіх пасажыраў. А калі ў цябе больш за палову згарэла зажыва, то пра што ты гаворыш?»

Дзяніс Еўдакімаў, адзін з пілотаў, засведчыў, што ў самалёт трапіла маланка, якая на нейкі час адключыла сувязь. Лятак давялося перавесці ў аварыйны рэжым кіравання.

Апошні раз катастрофа самалёта Sukhoi Super Jet 100 мела месца ў Інданезіі ў 2012 годзе. Тады машына ўрэзалася ў гару, памерлі ўсе 45 чалавек, якія былі на борце. Тады віну ўсклалі на пілотаў.

Расейскае выданне «Коммерсантъ» сцвярджае, што самалёт, які загарэўся ў «Шарамецьева», летась меў сурʼёзны збой: у машыны пры пасадцы не выпусціліся закрылкі. Аднак ёсць меркаванне, што ўсё гэта мела другаснае значэнне.

«Так, да самалёта ёсць пытанні. Але да дадзенае катастрофы яны не маюць ніякіх адносінаў. Паверце, які б самалёт вы з такой сілай не прыклалі б аб паласу, «Boeing» ці «Airbus», ён гэтаксама б загарэўся з высокай ступенню верагоднасці», – падзяліўся думкай на сваім YouTube-канале «Редакция» авіяцыйны журналіст Аляксей Півавараў.

«Sukhoi Super Jet 100» – першая і адзіная мадэль пасажырскай авіяцыі, распрацаваная ў Расеі пасля распаду Савецкага Саюзу. Самалёт масава эксплуатуюць выключна ў Расеі ды Мексіцы. Расейскае Міністэрства транспарту заявіла, што не бачаць падставаў для спынення палётаў «Sukhoi Super Jet 100».

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu

Фота: The Russian Investigative Committee / TASS / Forum

Гарачы каментар
Авіяканструктар распавёў, чаму ў «Шарамецьева» загінула столькі людзей
2019.05.06 21:41