Трагедыя ў Керчы. «З аўтаматамі бегалі, па другім паверсе, адчынялі кабінеты і забівалі ўсіх, каго маглі знайсці...»


У Крыме, у горадзе Керч 19 асобаў забіта, 54 паранена ў выніку нападу на політэхнічны каледж. Масавы забойства – студэнт.

Ціхі спакойны дзень на ўскрайку Керчы. І раптам – выбух… стрэлы, крыкі параненых і сірэны. Вокны ў будынках Керчанскага політэхнічнага каледжу выбітыя ўдарнай хваляй, людзі бягуць на дапамогу.

У першыя хвіліны пасля нападу ніхто не разумее, што адбылося. Па крымскім горадзе ўмомант разлятаюцца чуткі пра групу нападнікаў з аўтаматамі. Сярод загінулых – студэнты і педагогі каледжу.

Вольга Грабеннікава, дырэктар Керчанскага політэхнічнага каледжу:

«На 11 гадзіну паехала ў БТІ падпісваць дамову з дзецьмі ў практыцы. Мабыць, я б цяпер была трупам… Трупаў поўна, дзяцей забітых поўна. Сапраўдны тэракт… Роўна праз 5 ці 10 хвілінаў пасля майго ад’езду хтосьці ўварваўся. Узарвалі ўсё, павылятала ўсё шкло, узарвалі хол. Бегалі потым кідалі нейкія выбуховыя пакеты. Потым з аўтаматамі бегалі, не ведаю, з чым, па другім паверсе, адчынялі кабінеты і забівалі ўсіх, каго маглі знайсці».

Спачатку ўлады анексаванага Крыму агучылі версію пра выбух газавага балону. Да каледжу прыбыло некалькі дзясяткаў вайскоўцаў у поўнай экіпіроўцы з аўтаматамі, прыгналі бронетэхніку. Медыкаў і машынаў хуткай дапамогі не хапала. Відавочцы, якія дапамагалі параненым, распавялі пра страшныя раны, у тым ліку адарваныя рукі і ногі.

Сяргей, відавочца нападу:

«Вывозілі грамадскім транспартам, на маршрутках, на аўтобусах. У хуткай дапамозе па 2-3 асобы вывозілі».

Сапёры знайшлі ў будынку каледжу самаробную бомбу, што не выбухнула, і сляды ад той, што спрацавала. Святлана Пятрэнка, прэс-сакратар Следчага камітэту РФ:

«У сталовай Керчанскага політэхнічнага каледжу спрацавала нявызначанае выбуховае прыстасаванне, начыненае металічнымі прадметамі».

Паведамленне пра тэракт перарвала перамовы прэзідэнтаў Расеі і Егіпту ў Сочы, дзе абмяркоўвалі сярод іншага і барацьбу з тэрарызмам. Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі:

«Ужо цяпер ясна, што гэта злачынства. Матывы і версіі гэтай трагедыі дакладна вывучаюцца».

У неакупаванай частцы Украіны шмат хто прыняў трагедыю блізка да сэрца. Жыхары Кіева:

«Гэта чалавечы фактар, збег абставінаў, не ведаю, можа, восеньскае абвастрэнне нейкай хваробы, ці што. Навошта было гэта рабіць? Гэта ж дзеці».

«Кіеў дастаткова міралюбны горад, спадзяюся, гэтая праблема нас абміне. Мае спачуванні блізкім».

Але пазней Следчы камітэт Расеі перакваліфікаваў крымінальную справу з тэракту на забойства шмат асобаў грамадска небяспечным спосабам. У паведамленнях для медыяў улады сталі падкрэсліваць, што людзі загінулі ад куляў, а не бомбы.

Святлана Пятрэнка, прэс-сакратар Следчага камітэту РФ:

«Першапачатковы агляд целаў кажа, што яны сканалі ад агнястрэльных раненняў. Аператыўна была вызначаная асоба маладога чалавека, які прыйшоў у каледж непасрэдна перад здарэннем, які, як бачна на відэазапісу, трымаў у руках ружжо. Ім аказаўся студэнт 4 курса каледжу 18-гадовы Уладзіслаў Раслякоў. Ягонае цела з агнястрэльным раненнем знойдзена ў адным з памяшканняў каледжу».

Апазнаць студэнта дапамаглі камеры назірання. Уладзіслаў Раслякоў вучыўся на адмыслоўцу ў электраабсталяванні. Расейскія медыі са спасылкай на атачэнне Раслякова паведамляюць, што ён меў праблемы з выкладчыкамі. Месяц таму Раслякоў легальна набыў помпавую стрэльбу і паўтары сотні патронаў. Журналісты звяртаюць увагу, што Раслякоў атакаваў каледж, апрануўшыся, як Эрык Харыс, адзін з 18-гадовых стралкоў, якія зладзілі са зброяй і самаробнымі бомбамі масавае забойства ў школе «Калумбайн» у ЗША 19 гадоў таму. Як і забойцы з «Калумбайн», Уладзіслаў Раслякоў застрэліўся ў бібліятэцы.

Яраслаў Сцешык, Ян Маравіцкі, belsat.eu