Аб'ектыў 26.03.2018 Трагедыя ў Кемерава: хто вінаваты, што дзеці згарэлі жыўцом?


Лік ахвяраў у расейскім Кемерава вырас да 64-х асобаў. Сярод загінулых прынамсі 9 дзяцей. Следства мае 2 асноўныя версіі прычынаў пажару. Ёсць і першыя затрыманні. Дакладна вядома адно, да вялізнай колькасці ахвяраў прывялі парушэнні ў працы гандлёвага цэнтру.

Гандлёва-забаўляльны цэнтр «Зімовая вішня» вокамгненна стаўся смяротнаю пасткаю. Вялікую колькасць ахвяраў знайшлі ў кіназалах на чацвёртым паверсе будынку – непадалёк месца ўзгарання.

Сігналізацыя не спрацавала, а пажарныя выхады былі заблакаваная

У гандлёвым цэнтры ў трагічную нядзелю былі ў асноўным сем’і з малымі дзецьмі і школьнікі. Сведкі распавядаюць пра тое, што працаўнікі гандлёвага цэнтру не выпускалі дзяцей.

«Вырашылі пайсці, як звычайна, гуляць на 4-ты паверх у аўтаматы. Зайшлі, пачалі падымацца, і там вось такі агонь іх сустрэў, дым, пажар. Яны пачалі ўцякаць, іх не прапускалі. Я пытаю: хто вас не прапускаў? Кажуць: ахоўнікі, дзядзькі ўсялякія», – сведчыць мясцовая жыхарка.

Некаторым давялося выскокваць з акна

У шпіталях гораду застаюцца 11 пацярпелых. Каб здаць для іх кроў, выстройваюцца чэргі.

Цяпер слова за праваахоўнікамі. У сувязі з пажарам Следчы камітэт Расеі распачаў крымінальную справу. Ужо вядома пра затрыманне прынамсі пяці асобаў. Дзве асноўныя версіі прычынаў пажару – падпал паралону ў батутным басейне для дзяцей і кароткае замыканне каля кінатэатру.

Упаўнаважаная ў правах дзяцей у Расеі Ганна Кузняцова заявіла, што прычынаю трагедыі ў Кемерава была нядбайнасць. І гэта мае стаць сігналам для правярання ўсіх гандлёвых цэнтраў краіны.

Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін выказаў спачуванні семʼям ахвяраў, але пакуль не збіраецца наведваць месца трагедыі. Трохдзённую жалобу абвесцілі толькі ў Кемераўскай вобласці.

Вольга Жарнасек, «Белсат», Вольга Жарнасек, «Белсат», фота: Danil Aikin / TASS / Forum

Глядзі таксама
Каментары