«Традыцыйная ратацыя». Лукашэнка звольніў Лілію Ананіч


Новыя пасады – старыя твары. Лукашэнка чарговы раз звольніў і прызначыў новых-старых чыноўнікаў. У Беларусі зʼявіліся новыя міністры адукацыі ды культуры, у чатырох універсітэтах абнавілі рэктараў, а ў кіраўніка краіны – новыя памочнікі.

Чарговая хваля адставак-прызначэнняў абрынулася на чыноўніцкую вертыкаль. Лукашэнка звольніў… міністарку інфармацыі Лілію Ананіч.

«Тое, што сёння адбылося, журналісцкая супольнасць успрымае з пэўным асцярожным апытымізмам. Таму што Лілія Ананіч была вельмі адыёзнай міністаркай, і тыя пытанні, якія яна кранала, можна было не кранаць, яна рабіла гэта па ўласнай ініцыятыве», – распавядае прэс-сакратар БАЖ Барыс Гарэцкі.

За тры гады на пасадзе міністра Лілія Ананіч запомнілася блакаваннем інтэрнэт-сайтаў, новым драконаўскім заканадаўствам, абдымкамі з расейскім прапагандыстам Кісялёвым, гратэскавымі пагрозамі закрыць незалежныя беларускія медыі ды нават папярэджаннем радыё «Рацыя», якое транслюе з Польшчы ды не падпадае пад беларускую юрысдыкцыю. Зрэшты, даставалася ўсім медыям, якія працуюць для Беларусі з-за мяжы.

«Асобныя рэсурсы займалі дэструктыўную пазіцыю, базуюцца не ў Беларусі, гэта за межамі нашай краіны»,- казала ў 2016 годзе Ананіч.

Да прызначэння на пасаду міністра інфармацыі Лілія Ананіч трынаццаць гадоў працавала віцэ-міністрам у тым самым ведамстве. Зрэшты, свежа вызваленае крэсла таксама заняў ейны намеснік Алесь Карлюкевіч. Падпалкоўнік у адстаўцы, беларускамоўны пісьменнік, пасадовец мае неадназначную рэпутацыю.

«Калі паглядзець на Карлюкевіча, гэта дзякуй Богу, пакуль яшчэ не Ананіч. Будзем спадзявацца, што вялікі пераслед журналістаў, які мы назіраем у гэтым годзе, будзе спадаць», – кажа Барыс Гарэцкі.

«Гэта хутчэй за ўсё традыцыйная ратацыя. Факт беларускамоўнасці не будзе ўплываць на ідэалагічныя ўстаноўкі новапрызначанага міністра. Так ці інакш яны зʼяўляюцца прызначэнцамі Лукашэнкі, і будуць выконваць яго волю», – мяркуе палітолаг Алесь Лагвінец.

Пасля пяці гадоў працы адправілі ў адстаўку і міністра культуры Барыса Святлова. Яго замяніў экс-кіраўнік Універсітэту культуры Юрый Бондар. Не забыцца ж на сурʼёзнасць улады грамадству не дае іншае прызначэнне – Лукашэнка намінаваў сваім памочнікам па Менскай вобласці Ігара Яўсеева – таго самага камандзіра – ветэрана разгону масавых пратэстаў, які асабіста збіваў журналіста на Плошчы ў 2010-ым годзе.

«Навошта памочнікі кіраўніка дзяржавы па асобных рэгіёнах, калі гэта справа, напрыклад, Рады міністраў. Тут можна было б паразважаць, што патрэбна ўладам. Магчыма, Менская вобласць настолькі праблемная», – кажа Лагвінец.

Апрача гэтага, Лукашэнка прызначыў чатырох новых рэктараў універсітэтаў. Адмыслоўцы адзначаюць: у дэмакратычных краінах няма такое практыкі, каб кіраўнік дзяржавы прызначаў рэктараў ВНУ, бо гэта супярэчыць прынцыпу акадэмічнай аўтаноміі ўніверсітэтаў. Зрэшты, Міністэрства інфармацыі ў свабодных краінах таксама няма.

Вітаўт Сіўчык; крыніца фота – БАЖ