Тоны наркасыравіны праз расейскую і ўкраінскую межы: на лаве падсудных 41 чалавек


У Менску пачалі разбіраць гучную справу па гандлі наркатычнымі сродкамі. Агулам на лаўцы падсудных 41 чалавек. Першую групу – 17 удзельнікаў справы – абвінавачваюць сярод астатняга ва ўдзеле ў злачыннай арганізацыі, распаўсюдзе наркотыкаў і незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці.

Паводле справы, праз Гомельшчыну тонамі пастаўлялі ў Беларусь насенне і салому маку з 2015 года да 2018-га. Спачатку перапраўлялі наркасыравіну праз расейскую і ўкраінскую межы як харчовыя дадаткі, а потым наўпрост вазілі праз лес. Агулам следчыя высветлілі 54 выпадкі набыцця, перавозу, захавання і продажу рэчываў.

Журналіст Віктар Федаровіч распавёў пра шляхі ўвозу сыравіны:

«Ішлі пастаўкі з Расеі – гэта зразумела. Граніцы амаль няма. Пастаўшчыкам трэба толькі праявіць кемлівасць, як гэта акуратна зрабіць. А што датычыць Украіны – мяжа ўзмацнялася ў сувязі з апошнімі падзеямі. А высветлілася, што тоны маку ішлі праз Гомельшчыну. Як? Не ведаю, ці будуць задавацца на судзе гэтыя пытанні, але іх варта задаць».

На чале арганізацыі стаяў мужчына ва ўзросце 41 год. Адна частка групы займалася дастаўкаю, а другая – фасоўкаю, распаўсюдам наркотыкаў, пошукам новых удзельнікаў супольнасці ды вывучэннем іхнай крымінальнай працы. Усё гэта агулам цягне на 47 гадоў турмы.

Сваякі ды адвакаты адмаўляюцца ад каментароў, бо пакуль невядома, як пойдзе справа. За сёння суд толькі спраўдзіў звесткі пра падсудных і растлумачыў правы ўдзельнікам працэсу. Аднак хуткага развіцця падзеяў чакаць і не варта, бо папярэднюю справу такога кшталту разглядалі 9 месяцаў.

Марыя Грыц, belsat.eu