Толькі чвэрць беларусаў давярае нацыянальнай валюце


Беларусы чакаюць паніжэння інфляцыі, маюць ашчаджэнні і захоўваюць іх пераважна не ў беларускіх рублях. Нацыянальны банк абнародаваў вынікі аналізу эканамічных паводзінаў і чаканняў насельніцтва.

Толькі кожны чацвёрты жыхар Беларусі давярае нацыянальнай валюце і захоўвае ў ёй свае ашчаджэнні. І колькасць такіх людзей, згодна з афіцыйнымі апытаннямі, апошнім часам толькі памяншаецца.

У той жа момант, паводле экспертаў, нягледзячы на агульны недавер да беларускага рубля, змяншаюцца дэпазіты і ў валюце – з пачатку года яны скараціліся амаль на мільярд долараў, а дэпазіты ў рублях наадварот растуць. Эксперты звязваюць гэта з нізкімі стаўкамі па валютных дэпазітах у параўнанні з рублёвымі – каля 2 % гадавых супраць дзесяці.

«Нацбанк сваёй больш-менш адказнаю палітыкай сапраўды крышачку павысіў давер да беларускага рубля. Але гэта вельмі нязначны чыннік, і людзі па-ранейшаму разумеюць, што ўсё гэта можа імгненна змяніцца паводле рашэння аднаго чалавека і паводле рашэння прамысловага лобі», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Ягонае меркаванне пацвярджаюць і звычайныя жыхары сталіцы, з якімі мы пагутарылі, хоць, паводле першага віцэ-прэм’ера Васіля Мацюшэўскага, у траўні ў Беларусі нават назіралася дэфляцыя.

Пры гэтым у найбліжэйшы год насельніцтва чакае росту спажывецкіх коштаў на прыблізна 11 %. Урад жа плануе ўтрымаць інфляцыю на ўзроўні 6 %. У найбліжэйшай перспектыве гэтая задача выглядае цалкам вырашальнай, бо ўлады паспелі сфармаваць своеасаблівую «падушку бяспекі».

«Цяпер нарошчаныя золатавалютныя рэзервы за кошт пазыкаў. З гэтых пазыкаў можна аддаваць ранейшыя пазыкі. Але вось праз два гады, як адзначаюць эканамісты, намячаецца такі пазыковы крызіс. Які, магчыма, атрымаецца вырашыць шляхам новых ільготных пазыкаў з Расеі ці міжнародных фінансавых арганізацыяў або продажу буйных кавалкаў маёмасці», – працягвае Станіслаў Івашкевіч.

Паводле экспертаў, пакуль сітуацыя застаецца адносна стабільная, беларусы прабуюць гуляць у «эканамічную рулетку» і спадзяюцца атрымаць выгаду ад адносна высокіх рублёвых ставак. Толькі вынікі такіх азартных гульняў прадказваць немагчыма.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu

Фотаздымак на застаўцы да відэа Viktor Drachev/ TASS/ Forum