Тэрміны, якіх магло не быць, калі б праваахоўная сістэма працавала


Ад двух гадоў «хіміі» да васьмі з паловаю гадоў калоніі атрымалі дзевяцёра маладых гомельцаў. У судзе Гомельскага раёну абвесцілі прысуд у гучнай справе за незаконны абарот наркатычных рэчываў. Пяцёра асуджаных на момант затрымання былі непаўналетнімі, аднаму няма васямнаццаці і сёння.

«Яны выйдуць – яны будуць патрэбныя толькі бацькам. Нашай краіне дзеці не патрэбныя, дзяржава за іх не змагаецца», – перажывае маці асуджанага Данілы Жывадзёрава Іна Герасіменка.

Судовы працэс у справе аб распаўсюдзе наркотыкаў распачаўся напрыканцы лістапада, а затрымалі хлопцаў летась у красавіку. Паводле следства, яны працавалі ў інтэрнэт-краме, дзе прадаваліся наркотыкі, – закладвалі небяспечныя рэчывы ў вызначаных месцах. Бацькі непаўналетніх кажуць, што правы іхных дзяцей праваахоўнікі парушалі шмат разоў, пачынаючы ад працэсу затрымання. Першыя паказанні ў падлеткаў узялі без прысутнасці законных прадстаўнікоў і адвакатаў.

«Дзеці сцвярджалі, што іх не кармілі, не паілі, двое содняў яны былі ў цэнтральным аддзяленні ў адной камеры. Чыста псіхалагічны быў ціск і запалохванне. Дзецям сказалі: будзеце гаварыць – пойдзеце дадому. Дзеці і пачалі гаварыць – хто, што і на каго», – распавядае Іна Герасіменка.

Выклікаюць пытанні ў бацькоў і вынікі экспертызы, якую праводзілі ўначы і якая паказала, што падлеткі былі ў стане наркатычнага апʼянення. Адразу пасля затрымання быў зняты сюжэт для БТ пра арганізаваную злачынную групу, дзе паказалі твары непаўналетніх.

«Усё гэта робіцца дзеля гачакаў, павышэнняў, званняў, пасадаў, прэміяў», – лічыць бацька асуджанага Міхаіла Зіневіча Аляксандр Зіневіч.

Абурае бацькоў і тое, што непаўналетніх судзяць, а прадстаўніка інтэрнэт-крамы, які ўцягнуў іх у супрацьпраўную дзейнасць, не знайшлі, хоць бацькі кажуць, што следству вядомы ягоны нумар тэлефона. Праваабаронцы заяўляюць, што Беларусь не выконвае ўзятых на сябе міжнародных абавязкаў у абароне правоў дзіцяці.

«Гэта павінны рабіць праваахоўныя органы. Калі яны даведаліся, што нешта рыхтуецца, яны павінны былі прыняць усе меры, каб не дапусціць уцягнення дзяцей у гэтыя справы. Яны замест гэтага адсочвалі, праслухоўвалі тэлефонныя размовы, чакалі і, калі ўсё адбылося, затрымалі», – тлумачыць праваабаронца Васіль Палякоў.

Пытанне справядлівага выраку ў дачыненні гомельцаў не стаіць увогуле, упэўнены праваабаронца, – праз ціск, запалохванні і прымус даваць паказанні супраць сябе. Да ўдзельнікаў справы, якія на момант затрымання былі непаўналетнімі, прымянілі амністыю, таму тэрміны іхнага зняволення зменшыліся на два гады.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»